У Браслаўскім раёне сацработнікі з падарункамі наведалі прыёмную сям’ю

Новости
Суботняя раніца для жыхаркі аграгарадка Іказнь Ніны Кастэнка расквецілася святочнымі ноткамі: напярэдадні Дня сям’і павіншаваць прыёмную матулю і яе выхаванцаў завіталі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Браслаўскага раёна.

Ніна Браніславаўна ўжо каля дзесяці гадоў дорыць мацярынскую пяшчоту і клопат дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. У яе сям’і хлопчыкі і дзяўчынкі – прыёмныя і на патранатным выхаванні – знайшлі сапраўдную цеплыню чалавечых узаемаадносін, навучыліся сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго.

Дом Н. Кастэнка – тое спакойнае месца, дзе яны могуць пачуць добрыя словы, дзе, што б ні здарылася, іх абавязкова падтрымаюць справай або мудрай парадай. Менавіта гэта адзначылі супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра і пажадалі Ніне Браніславаўне, Мікіту, Арсенію і Арцёму, пра якіх яна цяпер клапоціцца, шчасця, дабрабыту ды здзяйснення вялікіх і малых планаў. Парадавалі яны сям’ю і падарункамі. Трохгадоваму ж Арцёму найбольш даспадобы прыйшліся рознакаляровыя шары, якія стварылі святочны настрой. ■

Жанна БЯЛЬКО