Каманда юных інспектараў дарожнага руху з Ахрэмаўскай сярэдняй школы прайшла ў абласны фінал злёту-конкурсу ЮІД.
У Глыбокім адбыліся рэгіянальныя спаборніцтвы юных інспектараў дарожнага руху. У ім прынялі ўдзел каманды з 6 рэгіёнаў Віцебскай вобласці: Лепельскага, Браслаўскага, Докшыцкага, Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага.
Школьнікі мерыліся сіламі ў фігурным ваджэнні веласіпеда, паказвалі свае веды па правілах дарожнага руху, аказанні першай медыцынскай дапамогі. Таксама ўдзельнікі конкурсу прадэманстравалі ў розных конкурсах творчы патэнцыял.
Нашы прадстаўнікі занялі другое месца ў конкурсе «Фігурнае ваджэнне веласіпеда», паказалі лепшы вынік у тэарэтычным экзамене на веданне ПДР, сталі першымі ў намінацыі «Навучальная (пазнавальная) праграма». Асабістыя граматы атрымалі ўдзельнікі каманды Кірыл Вансовіч і Ганна Патроцына.
У цэлым па выніках занальнага этапа ахрэмаўскія юідаўцы занялі 2 месца і атрымалі права паехаць у Віцебск. ■
