Чарговым героем нашага праекта стаў чалавек, імя якога добра ведае амаль кожны жыхар Браслаўшчыны, – Рамуальд Іванавіч Шукель. Здаецца, гэта ўсяго толькі старшыня аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна… Але ж які! Ужо 34 гады ён моцна трымае ў сваіх руках «руль» ад роднай гаспадаркі, а «Маяк Браслаўскі» – у лідарах. Прычым лепшым ён лічыцца не толькі ў раёне: па многіх паказчыках «Маяк» бяруць за прыклад і ў вобласці, і ў рэспубліцы. Р. Шукяля добра ведаюць і пазнаюць высокія чыноўнікі і нават сам Прэзідэнт, старшыня ж застаецца сціплым, шчырым і, як кажуць, сваім чалавекам, да якога з праблемай, просьбай ці прапановай можа падысці кожны.
Дарэчы, гісторыю жыцця Рамуальда Шукяля лёгка прасачыць па старонках «Браслаўскай звязды»: артыкулаў і інтэрв’ю з ім набярэцца на цэлую кнігу. Мы прагарталі старонкі газеты, пагутарылі з героем і прапануем вам акунуцца ў гістарычны экскурс.
СТАНАЎЛЕННЕ
Рамуальд Іванавіч нарадзіўся ў 1948 годзе ў вёсцы Кемянцы ў звычайнай сялянскай сям’і. Яго бацькі працавалі ў мясцовым калгасе імя Заслонава паляводамі. Шмат часу дарослыя праводзілі на рабоце, Раман жа з малодшым братам Пятром з дзяцінства дапамагалі ім па гаспадарцы. Асабліва цягнула да працы на зямлі Рамуальда. Сёння ён успамінае, як пяцікласнікам у калгасе хадзіў за акучнікам, абганяючы бульбу, ды з іншымі школьнікамі дапамагаў летам з нарыхтоўкай сена. Пасля школы хлопец скончыў вадзіцельскія курсы ў Відзаўскім СПТВ і пайшоў служыць.
ШЛЯХ ДА СТАРШЫНЁЎСКАГА КРЭСЛА
Пасля дэмабілізацыі Р. Шукель нядоўга шукаў сябе: ён паспрабаваў папрацаваць у горадзе, але лёс распарадзіўся інакш – пацягнуў у родныя мясціны, у калгас імя Заслонава. Менавіта ў гэты час пра Рамуальда Шукяля пісала «Браслаўская звязда» (03.03.1970 г., № 26).
…Дэмабілізаваўшыся з радоў Савецкай Арміі, Рамуальд мог пайсці працаваць у любую арганізацыю ці на прадпрыемства. Але хлопец не захацеў пакідаць родную вёску, чароўныя мясціны, дзе прайшло дзяцінства. Кожную раніцу можна бачыць стройнага падцягнутага былога салдата, які крочыць у напрамку канторы калгаса. Сюды Рамуальд спяшаецца, каб атрымаць распараджэнне на работу. Ён зноў сеў за руль аўтамабіля…
Так, першая пасада Р. Шукяля – вадзіцель легкавога аўтамабіля. Ён вазіў старшыню калгаса Анатолія Лінкуна. Цяпер, успамінаючы тыя гады, з удзячнасцю кажа пра былога кіраўніка:
– Я многаму навучыўся ў Анатолія Уладзіміравіча. Ён быў добрым гаспадаром сваёй зямлі і ўмеў гаварыць з людзьмі на адной мове. Нягледзячы на пасаду, заўсёды паважліва адносіўся да работнікаў, слухаў і дапамагаў, – расказвае Рамуальд Іванавіч.
Пасля арміі малады ладны хлопец сустрэў каханне свайго жыцця – прыгожую чарнявую настаўніцу мясцовай школы Станіславу. Як расказвае сам:
– У нашым жыцці было рознае, але жонка – мой надзейны сябар, а наш дом – востраў, дзе заўсёды цёпла, утульна і прыемна дзякуючы яе намаганням.
У 1974 годзе Р. Шукялю даручылі загадваць мехмайстэрняй калгаса. У гэты ж час ён вучыцца завочна ў Гарадоцкім сельгастэхнікуме. І праз тры гады Рамуальд – галоўны інжынер гаспадаркі, а яшчэ праз год, пасля аб’яднання з калгасам «Маяк», – упраўляючы аддзялення.
Меў намер малады мужчына атрымаць і вышэйшую адукацыю, нават паступіў у Велікалукскі сельскагаспадарчы інстытут, але па ўважлівых прычынах вучобу прыйшлося кінуць. Гэта асобная тэма для разважанняў сённяшняга старшыні. Рамуальд Іванавіч кажа, што, напэўна, адсутнасць вышэйшай адукацыі яго выратавала ў далейшым жыцці ад частых змен месца працы. А так, маўляў, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, пра што не шкадуе.
У 1989 годзе 41-гадовы Рамуальд становіцца прэтэндэнтам на пасаду старшыні калгаса.
– Калі расказваць чэсна, той дзень я памятаю як сёння. Больш за ўсё тады я не хацеў быць кіраўніком, – кажа Рамуальд Іванавіч, – бо разумеў, якая гэта адказнасць. Не было ў мяне ўпэўненасці, што апраўдаю давер людзей ды здолею трымаць гаспадарку на высокім узроўні, а інакш я не хацеў, ды і не ўмею рабіць дрэнна, лічу, лепш не брацца тады. Да таго ж гады былі складаныя – развальваўся Савецкі Саюз.
На агульным сходзе калгаснікаў альтэрнатыўным адкрытым галасаваннем абралі Р. Шукяля старшынёй праўлення. Прыкладна тры тыдні, як расказвае Рамуальд Іванавіч, ён не мог звыкнуцца з думкай пра вялікую адказнасць за лёс соцень людзей, давераных яму, амаль не еў і не спаў. Раніцай аднаго дня да яго падышла жонка і сказала, што час браць сябе ў рукі і працаваць з поўнай аддачай. Яна падтрымала блізкага чалавека і пасеяла зерне надзеі, што ў новаабранага старшыні ўсё атрымаецца. І малады кіраўнік пачаў збіраць вакол сябе граматных, працавітых і адказных спецыялістаў, каб разам дасягаць вяршынь.
ГАЛОЎНЫ РЭСУРС – ЛЮДЗІ
– Кіраўнік без каманды – ніхто, – зноў і зноў паўтарае Р. Шукель. Ён сам прайшоў усе прыступкі па кар’ернай лесвіцы і добра разумее работу на кожным этапе: колькі сіл трэба патраціць, нерваў, прыкласці ўменняў, каб зрабіць тое ці іншае, таму рэальна ацэньвае любую рабочую сітуацыю. Не патрабуе ад людзей больш, чым мог бы зрабіць сам.
Яго галоўныя жыццёвыя пастулаты – выслухаць кожнага, не абяцаць, калі не можаш выканаць, дапамагчы, наколькі магчыма, ды не пакрыўдзіць чалавека. Але гэта не азначае, што старшыня «добранькі». Не. Ён вельмі патрабавальны і нават можа быць рэзкім, калі справа датычыцца вытворчасці. Спуску не дае ні спецыялісту, ні простаму работніку. Разам з тым умее ён і знайсці баланс паміж, як кажуць, пугай і пернікам.
Адзін з найважнейшых момантаў у наладжванні вытворчага працэсу, лічыць Р. Шукель, – дысцыпліна на кожным узроўні: калі ўсе выконваюць работу добрасумленна, то і вынік маецца.
АГЛЯДАЮЧЫСЯ НАЗАД
Сёння, з вышыні пражытых гадоў, Рамуальд Іванавіч ніколькі не шкадуе пра тое, як склаўся яго лёс. Кажа, што, напэўна, можна было б штосьці зрабіць не так, але ў цэлым ён задзейнічаў усе магчымыя рэсурсы для дасягнення высокага выніку.

У пачатку старшынёўства галаўным болем маладога кіраўніка быў свінагадоўчы комплекс, які цяжкім грузам цягнуў гаспадарку на дно. Усе сілы тады былі скіраваны, каб пракарміць шматтысячнае пагалоўе свіней, а заробленых грошай не хапала на /пакупку камбікорму.
Каб знайсці выйсце, разам са спецыялістамі Рамуальд Іванавіч прыдумаў новую стратэгію, яе назвалі «поле – комплекс». Была пастаўлена задача вырасціць максімальны ўраджай, які закрые патрэбы свінагадоўлі. І на справе зрабілі гэты значны крок. Падключылі камбікормавы завод, які быў тут пабудаваны, але да гэтага не працаваў, і пачалі самі вырабляць камбікорм. Стала намнога лягчэй, прывагі значна павялічыліся, а з уводам у кармы спецыяльных дабавак прадпрыемства нарэшце стала рэнтабельным.
Канчаткова змянілася ўсё пасля адкрыцця сваёй вытворчасці. Непадалёку ад свінакомплексу стаяў невялічкі будынак, у ім размясцілі каўбасны цэх. Пачаўся выраб смачных каўбас, а потым і вэнджаніны. У хуткім часе адкрылі фірменны магазін у Браславе. Так з дапамогай сваёй невялікай вытворчасці ў гаспадарцы з’явіліся «жывыя» грошы, а свінагадоўля стала прыносіць прыбытак. Да сённяшняга дня комплекс перанёс шмат мадэрнізацый і дае стабільны вынік. Дарэчы, фірменных магазінаў у Браславе ўжо два.

У час актыўнага будаўніцтва ў гаспадарцы дамоў і разам з тым паўсюднага дэфіцыту Рамуальд Іванавіч запусціў у дзейнасць дрэваапрацоўчы цэх, у якім выраблялі вокны і дзверы, а таксама будматэрыялы.
У пачатку 2000-х «Маяк Браслаўскі» трапіў у дзяржпраграму па падтрымцы базавых гаспадарак. Дзякуючы гэтаму на ферме «Ёдлавічы» пабудавалі даільную залу. Гэта таксама значна ўмацавала эканоміку гаспадаркі.
У апошнюю пяцігодку на тэрыторыі сельгаскааператыва ў далёкаўскай зоне з’явіліся тры новыя фермы, пабудаваныя на месцы старых. Дзякуючы гэтаму палепшылі ўмовы ўтрымання БРЖ і стварылі дадатковыя працоўныя месцы.
Значную ўвагу кіраўнік удзяляе ўмацаванню транспартнай базы. Аўтапарк рэгулярна абнаўляецца. А калі з палівам з’явіліся складанасці і сталі выдзяляць яго ліміт, для недапушчэння крадзяжу Р. Шукель адзін з першых у раёне ўкараніў навігацыйнае сачэнне. Зноў жа – для поўнага кантролю і дысцыпліны.

Двойчы Рамуальда Шукяля ўзнагароджваў асабіста Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
За шматгадовую добрасумленную працу ў сельскай гаспадарцы, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Рамуальд Іванавіч узнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі» і шматлікімі ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Віцебскага аблвыканкама і Мінсельгасхарча.
Ён часты ўдзельнік рэспубліканскіх і абласных «Дажынак». Па выніках раённага спаборніцтва некалькі разоў быў пераможцам у намінацыі «Лепшы па прафесіі». Таксама Р. Шукель мае ганаровыя званні «Чалавек года Віцебшчыны» і «Чалавек года Браслаўшчыны». За актыўны ўдзел у духоўным адраджэнні Браслаўшчыны ўзнагароджаны памятным знакам «2000 год хрысціянству» і іншымі.
У гаспадарцы пастаянна працуюць над павелічэннем колькасці і якасці ўраджаю. Самым паспяховым для «Маяка» быў 2015 год: тады тут намалацілі амаль 16 тысяч тон у бункернай вазе.
Дарэчы, старшыня добра ўмацаваў і сушыльную гаспадарку, цяпер працэсы жніва і дасушвання не перапыняюцца.
Сёння Рамуальд Іванавіч зноў распачынае вялікае будаўніцтва. У бліжэйшыя гады ён плануе ўзвесці у «Маяку» сучасны комплекс для ўтрымання БРЖ. Гэтыя новаўвядзенні дыктуюцца часам і сённяшнімі рэаліямі, лічыць старшыня сельгаскааператыва.
ДЭПУТАЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ І ЁСЦЬ КЛОПАТ ПРА ЛЮДЗЕЙ
Ужо каля 30 гадоў Рамуальд Шукель з’яўляецца дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў. На гэтай пасадзе ён мае свае абавязкі: займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі (праводзіцца абкос дарог, тэрыторыі вакол ферм, свінагадочага комплексу, майстэрняў; арганізуецца рамонт дарог), пры неабходнасці дае людзям тэхніку, аказвае пасільную дапамогу ў правядзенні вяселляў, пахаванняў. Усё гэта робіцца бясплатна.
Кожны раз, калі гаворка з работнікамі сельгаспрадпрыемства ідзе пра кіраўніка, яны расказваюць пра «плюшкі», якія існуюць у гаспадарцы, – гэта надбаўкі, прэміі да заробку, 50-працэнтная скідка на каўбасную прадукцыю кожны месяц, пакеты з прадуктовымі наборамі да свят, набыццё ў гаспадарцы па зніжанай цане сена і саломы, карыстанне сельгастэхнікай і іншае. Дарэчы, не абыходзяць тут і былых супрацоўнікаў.
Аднак ў гутарцы многія завастраюць увагу на чалавечных адносінах кіраўніка да людзей. Расказваюць, што, калі патрэбна, напрыклад, машына ў горад да ўрача, ён заўсёды дапаможа. Падтрымае транспартам, калі ёсць неабходнасць даехаць да Віцебска ці Мінска. Землякі ўспамінаюць, што аднойчы Рамуальд Іванавіч паспрыяў аднаму работніку ў набыцці пратэза. Такую дабрыню, кажуць, не забыць.
Пастаянна супрацоўнічае дэпутат з установамі адукацыі, якія знаходзяцца на тэрыторыі гаспадаркі і раёна: дапамагае вырашаць розныя праблемы і аказвае фінансавую дапамогу Опсаўскай сярэдняй школе, Браслаўскай гімназіі, дзіцячаму саду ў аграгарадку Пагошча і іншым установам. Напрыклад, у мінулым годзе Р. Шукель задзейнічаў сілы для рэканструкцыі актавай залы і фае ў Опсаўскай СШ, раней паставіў там агароджу.

Некалі непадалёку ад школы быў сад, ён састарэў – і некалькі гадоў таму назад дзякуючы дэпутату яго аднавілі. Рамуальд Іванавіч кажа, што прыемна бачыць такія ўзнаўленні.
– Не сорамна мне будзе на тым свеце і перад ветэранамі, можа, пацягну яшчэ з імі там 100 франтавых, – з усмешкай разважае Рамуальд. – Я ўдзячны ім за Перамогу і лічу, што памяць пра іх подзвіг павінны захоўваць і сучаснікі, і будучыя пакаленні. Таму зрабіў усё магчымае, каб пабудаваць у Опсе помнік загінулым воінам, ды аднавіў памятны знак у в. Лабэцкія.
Рамуальд Іванавіч лічыць, што патрэбна клапаціцца пра кожнага чалавека. Ён расказвае, што заўсёды, калі людзі да яго звяртаюцца з просьбай, ставіць на іх месца сябе і тады добра разумее, наколькі гэта важна.
ЖЫЦЦЁВАЯ ЭНЕРГІЯ, ЗДАРОЎЕ І НАТХНЕННЕ
У свае 75 Рамуальд Іванавіч знаходзіцца ў добрай фізічнай форме і светлым розуме. Адкуль жа чэрпае ён гэтыя жыццёвыя сілы?
– Я ўжо гаварыў, што жонка – гэта ў нейкай ступені мой анёл-ахоўнік. Яна поўнасцю наладзіла быт вакол мяне, клапоціцца пра здароўе, ды і псіхалагічна падтрымае, калі трэба, – кажа Р. Шукель.
– Потым, безумоўна, мой гонар – мае сыны. Абодва атрымалі вышэйшую адукацыю і ўладкаваліся па жыцці. Дарэчы, старэйшы Андрэй ужо 15 гадоў працуе ў «Маяку Браслаўскім» маім намеснікам. Спраўляецца са сваімі задачамі, часта дае мне слушныя парады.
Мая аддушына – унукі. Старэйшага назвалі ў мой гонар, што, безумоўна, мяне цешыць.
Здароўе, лічу, складаецца з многіх фактаў. Па-першае, шмат гадоў я не маю дрэнных звычак. Па-другое, вяду актыўны лад жыцця, кожную раніцу спяшаюся на работу і цэлы дзень, як тая вавёрка ў коле, кручуся. Умацоўваю здароўе хадзьбой. Ужо на працягу 15 год я кожны вечар, як закончу ўсе справы, гуляю па вуліцы туды-сюды. Аднак не проста гуляю, а абавязкова праходжу 3 кіламетры. Наша вуліца працягласцю 250 метраў, вось я іду да яе канца і перакладаю з адной кішэні ў іншую загадзя падрыхтаваную палачку. Так і хаджу, пакуль усе 12 палачак не апынуцца ў іншай кішэні.
А натхняе вынік працы маёй асабіста і разам са мной соцень чалавек. Як няма настрою, еду ў поле, абдыму валок сена і радуюся ўраджаю. Ці магу на ферму заехаць: пагляджу на цялят, на адноўленае памяшканне – і становіцца лягчэй.
Увогуле, стараюся не гневацца, а калі і пасварыўся з кім, то хутка адпускаю. Бацька мяне вучыў, што злавацца на людзей нельга, калі ж не можаш справіцца з эмоцыямі цяпер – пацярпі да захаду сонца, новы дзень пачынай зноў на добрай хвалі.
Так кожны дзень ужо 53 гады Рамуальд Шукель крочыць у родную гаспадарку на працу з добрым настроем і спадзяваннямі на лепшае. ■
