Аляксандр Лукашэнка патрабуе пабудаваць у рэгіёнах эфектыўную сістэму кіравання кадрамі. Пра гэта ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.
На тэматычнай нарадзе кіраўнік дзяржавы падкрэсліў важнасць кадравай дысцыпліны. Па яго словах, у гэтай сферы трэба не толькі патрабаваць, але таксама і выпрацаваць неабходную нарматыўную прававую базу. Безгаспадарчае стаўленне і расхлябанасць не павінны заставацца беспакаранымі. «Нам патрэбныя нарматыўныя прававыя акты. Каб гэта было ў законе. Пераступіў закон – пайшоў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт прывёў прыклад, што ў яго ёсць кадравы рэестр і ён узгадняе прызначэнне цэлага шэрагу кіраўнікоў, у тым ліку старшынь райвыканкамаў. І без яго ведама вызваліць іх ад пасады нельга. Тое ж самае – пэўны пералік кадраў – павінен быць на ўзроўні вобласці, раёна і далей па вертыкалі аж да механізатара.
Беларускі лідар нагадаў, што раней Адміністрацыі Прэзідэнта, якая якраз упаўнаважана займацца кадравымі пытаннямі, было даручана на аснове агучанай ідэі стварыць заканадаўчыя асновы адпаведнай сістэмы. «Я праверу, так гэта ці не. І мне далажыце ў бліжэйшы час. І будуць патрабаванні да ўрада і губернатараў жалезабетонныя. Паўтараць па 10 разоў я не буду. Мы ўжо дажыліся да таго: Прэзідэнт, выпрацуй ідэю, пераспі з ёй, груба кажучы, давядзі да кожнага, а потым ідзі сам зрабі, а мы будзем збоку глядзець. Хлопцы, гэты час скончыўся», – акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
«Тысячы пытанняў. І ўсюды трэба выпрацаваць сістэму. Я дзесяць разоў казаў. Кадры вырашаюць усё. У кіраўніка павінна быць улада, жалезная. І яны ні на каго не павінны азірацца. Ні адны праваахоўныя органы не павінны перашкаджаць кіраўніку кіраваць яго тэрыторыяй, прадпрыемствам і прымаць меры. Меры павінны быць ваенныя, самыя жорсткія. Не чакайце асобных указанняў. І ў аснове ўсяго – дысцыпліна. Калі не будзе дысцыпліны жалезабетоннай, усё гэта пустое. Таму павінна быць устаноўлена пэўная дысцыпліна», – запатрабаваў Прэзідэнт. ■
Паводле матэрыялаў БелТА