Вытворчасць малака: Браслаўскі раён істотна падняўся ў рэспубліканскім рэйтынгу

Новости
За першае паўгоддзе работы лідары жывёлагадоўчай галіны краіны атрымалі звыш 4 тысяч кілаграмаў малака, а аўтсайдары недацягнулі і да тысячы.

Наш раён на фоне рэспублікі па паказчыках мясамалочнай вытворчасці знаходзіцца на 92 пазіцыі са 118. Калі параўноўваць з гэтым жа перыядам мінулага года, то, атрымаўшы 1 539 кг малака (плюс 197 кг) сярэдняга надою ад каровы, мы ўзняліся на 20 прыступак вышэй. Валавая вытворчасць малака склала 7 818 тон.

Жывёлагадоўля кожны месяц прыносіць сельгасвытворцам жывыя грошы. Усе ўзгаданыя лічбы складаліся ад укладу кожнай гаспадаркі раёна, але калі адны выводзяць наш раён на вышэйшы ўзровень, то іншыя цягнуць назад. Зразумела, чым больш кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства разам са спецыялістамі і рабочымі прыкладаюць сіл, тым лепшую аддачу маюць. Гэта заўсёды бачна па выніках работы жывёлаводаў «Маяка Браслаўскага». Цялятніцы, аператары па дарошчванні свіней і даяркі менавіта гэтай гаспадаркі амаль кожны месяц з’яўляюцца лідарамі ў абласным спаборніцтве па вытворчасці мяса-малочнай прадукцыі. Безумоўна, «Маяк» – флагман сярод іншых гаспадарак у нашым раёне.

Па словах галоўнага заатэхніка гаспадаркі Леаніда Барткевіча, агульнае пагалоўе БРЖ тут складае 883 галавы, з іх 690 – дойны статак. Кожны дзень ад каровы «маякоўцы» маюць у сярэднім 20 кг малака. На ферме раздою ў Даўблях ад каровы ў сярэднім атрымліваюць 26,7 кг малака, на МТФ «Кумпіні» – 22,9 кг. Круглы год гаспадарка здае дзяржаве малако толькі сортам экстра. Для гэтага тут строга выконваюць тэхналагічныя і санітарныя нормы і правілы. Таварнасць малочнага прадукта – 98 %. Немалаважна, што ў сельгаскааператыве заатэхнічная і ветэрынарная службы паклапаціліся пра стабільнае аднаўленне статку і кожны месяц атрымліваюць прыкладна 100 ацёлаў. Гэтая стратэгія таксама дапамагае трымаць пастаянную колькасць дойных кароў.

Добрых вынікаў «маякоўцы» дасягаюць дзякуючы высокакаларыйнаму, збалансаванаму кармленню жывёлы, дысцыпліне работнікаў і выпрацаванай гадамі палітыцы дзейнасці жывёлагадоўчай галіны. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ