Народны ансамбль народнай песні «На панадворку» стаў лаўрэатам другой ступені рэспубліканскага фестывалю харавога мастацтва «Пеўчае поле».
Браслаўскі калектыў быў ўдастоены гонару прадстаўляць Віцебскую вобласць на адным з найбольш маштабных пеўчых форумаў краіны. Ён зарадзіўся ў 1952 годзе ў Мядзельскім раёне і з таго часу раз у два гады збірае акадэмічныя і народныя ансамблі з усёй краіны.
– Прапанова паехаць ад Віцебскай вобласці стала прыемнай нечаканасцю для нас. Мы хваляваліся і рыхтаваліся годна выступіць, нават, шчыра кажучы, не разлічвалі на месца, бо канкурэнцыя была вялікая: у нашай намінацыі – больш за 20 калектываў з усёй Беларусі, лепшыя з лепшых у сваіх абласцях. Фестываль праходзіў 2 дні, і да самага ўзнагароджвання не было вядома, хто стане пераможцам. Калі ў ліку лаўрэатаў назвалі браслаўчан, то эмоцыі літаральна перапаўнялі. Такая высокая ацэнка каштуе шмат, – расказала Марына Шыркевіч, кіраўнік ансамбля.
Між тым нумары канкурсантаў ацэньвала прафесійнае журы. На яго чале – мастацкі кіраўнік і дырыжор Дзяржаўнага камернага хору, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава і прафесар кафедры беларускай народна-песеннай творчасці ўніверсітэта культуры і мастацтва Уладзімір Зяневіч. Адбыўся таксама круглы стол, удзел у якім прымала і М. Шыркевіч. Падчас яго агучылі патрабаванні да харавых спеваў, падыходы да аранжыровак і ўвогуле нумароў. Прыемна, што браслаўскі калектыў аказаўся ў ліку тых, хто прытрымліваецца ўсіх неабходных канонаў: музычнае суправаджэнне, выступленне акапэла і г. д.
Другое месца на рэспубліканскім фестывалі яшчэ раз пацвердзіла прафесіяналізм калектыву Браслаўскага РЦК, які не здраджвае сваім традыцыям: выходзіць на сцэну з прадуманым і добра падрыхтаваным рэпертуарам, шмат рэпеціруе, каб радаваць гледачоў сваімі выступленнямі. ■