Галоўнай тэмай стала бяспека. Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка сустрэлася з калектывам ТЦСАН

Новости
 Бяспека стала галоўнай тэмай для абмеркавання на сустрэчы інфармацыйнай групы намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Вялічка з калектывам цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У рамках размовы пракурор раёна Юрый Кезік зрабіў акцэнт на сітуацыі вакол кіберзлачыннасці, тэмпы росту якой выклікаюць у праваахоўнікаў значную занепакоенасць. Па яго словах, асноўная прычына большасці выпадкаў махлярства – залішняя даверлівасць нашых грамадзян, якія нярэдка самі літаральна аддаюць невядомым зламыснікам свае грошы. «Памятайце, сапраўдныя банкаўскія работнікі ніколі не звязваюцца з кліентам праз сацсеткі і месенджары, а па тэлефоне ніколі не просяць назваць даныя вашай карткі», – сказаў пракурор.

Таксама Ю. Кезік акрэсліў асноўныя змяненні ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія нядаўна ўступілі ў сілу, і заклікаў выконваць патрабаванні Закону ва ўсіх яго праяўленнях.

Начальнік раённага аддзела па НС Сяргей Крыўко засяродзіў увагу прысутных на пажарнай бяспецы, прывёў прыклады трагічных выпадкаў, нагадаў супрацьпажарныя правілы. Дзеянні ў крытычнай сітуацыі, дарэчы, супрацоўнікі сацыяльнай службы замацавалі на практыцы: ратавальнікі арганізавалі для іх майстарклас па выкарыстанні вогнетушыцеля. ■

Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА