Гаспадарыць трэба разумна

Новости

(З выступлення на сесіі райсавета дырэктара КУП ЖКГ “Браслаў-камунальнік” Ігара Брынкевіча)
Ад зладжанай дзейнасці калектыву нашага прадпрыемства ў многім залежыць не толькі становішча спраў у горадзе, раёне, але і настрой людзей. Разумеючы адказнасць, якая стаіць перад калектывам, мы імкнёмся выконваць свае абавязкі добрасумленна і якасна.
Пастаянную ўвагу ўдзяляем пытанням рацыянальнага, эфектыўнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, скарачэнню страт і паляпшэнню якасці аказваемых паслуг.
Так, за 2012 год заменены 2,8 км цеплатрас. Праведзена аптымізацыя цепласеткі пры мадэрнізацыі ўчастка СШ №1. Заменены тры прыборы ўліку цеплавой энергіі на двух кацельных у Браславе і ў Відзах, 40 свяцільнікаў на энергазберагальныя, устаноўлены 220 акустычных свяцільнікаў у пад’ездах дамоў, тры энергазберагальныя помпы на кацельных і г.д.
На кацельнай “Цэнтральная” зроблена замена механізма падачы паліва ў кацёл, што дазволіла спальваць драўняную шчапу, пілавінне, стружку. Рэканструявана сістэма выдалення попелу. У выніку ўсіх гэтых мерапрыемстваў эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў склала 534 тон умоўнага паліва, скарачаюцца страты на цеплатрасе. Калі ў 2011 г. яны склалі 20,1%, то ў 2012 г. – 19%.
Павялічваецца выкарыстанне мясцовых відаў паліва. У 2011 г. гэты паказчык склаў 46,3%, у 2012 г. – 57,7% у агульным паліўным балансе.
У снежні 2011 годзе прадпрыемства набыло фінскую драбілку, на якой за гэты час нарыхтавана 1200 куб. м шчапы. Драбілку выкарыстоўваем для работы ў лесе. Шчапу пастаўляем на кацельную “Цэнтральная”.
Укараненне катла на фрэзерным торфе, безумоўна, даставіла нам нямала праблем, аднак атрымліваемая на ім цеплаэнергія больш танная, чым на прыродным газе. Так, на кацельнай “Цэнтральная” сабекошт цеплаэнергіі на торфе склаў 371865 руб. за Гкал, а на прыродным газе – 510 435 руб. З агульнай колькасці цеплаэнергіі ў 6 506 Гкал 3 156 Гкал выпрацавана на торфе. Эканамічны эфект відавочны.
Не менш складаныя задачы па эканоміі і беражлівасці стаяць перад намі і на сёлетні год. Запланавана замена 3 км цепласетак. Ужо праведзены наладкі двух катлоў, у тым ліку і таго, што працуе на фрэзерным торфе. Замест помпы магутнасцю 110 кВт на кацельнай “Цэнтральная” устаноўлена помпа магутнасцю 90 кВт. На кацельную “ТМА” на дымасосе зманціраваны частотны пераўтваральнік.
На 2013 год запланавана поўная камплектацыя шматкватэрных дамоў акустычнымі сістэмамі, будзем працягваць работу па замене вулічных свяцільнікаў на энергазберагальныя, правядзём цеплавую рэабілітацыю жылога дома па вул. Садовай, 51.
У Год беражлівасці больш актыўна будзем працаваць і з другаснымі рэсурсамі.
Дырэктыва №3 патрабуе ад кожнага з нас праяўлення пачуцця рацыянальнага гаспадарання, арганізацыі эфектыўнай дзейнасці на кожным участку.