Сувенір для “Купалля”

Главное

Пастаянна дзейны арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні свята “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) зацвердзіў у лютым бягучага года палажэнне аб конкурсе на лепшы сувенір – сімвал гэтага свята.
Яго арганізатарам з’яўляецца Беларуская гандлёва-прамысловая палата. Конкурс праводзіцца з мэтай папулярызацыі “Купалля” і накіраваны на захаванне і развіццё нацыянальных традыцый, вынаходжанне таленавітых майстроў, якія могуць стварыць арыгінальную сувенірную прадукцыю.
У конкурсе могуць прыняць удзел фізічныя і юрыдычныя асобы, аб’яднанні, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія працуюць з саломкай, дрэвам, берастой, шклом, металам, глінай, гіпсам, керамікай, тканінай, скурай, мехам, пап’е-машэ, каменем і іншым матэрыялам.
З больш падрабязнымі ўмовамі конкурсу можна пазнаёміцца на сайце www.cci.by/
Для ўдзелу неабходна падаць да 15 красавіка ў Беларускую гандлёва-прамысловую палату заяўку, інфармацыйнае пісьмо, узор сувенірнай прадукцыі. Кожны ўдзельнік мае права падаць на конкурс не больш за тры сувеніры ў кожнай катэгорыі.
Пераможцу вызначаць з 15 красавіка па 1 мая 2013 года.
Патрабаванні да сувенірнай прадукцыі: памер не менш за 5х5 см, арыгінальнасць. Заяўку на ўдзел трэба накіроўваць па адрасе: г. Мінск, вул. Камуністычная, 11.
У конкурсную камісію ўваходзяць прадстаўнікі міністэрстваў культуры і гандлю, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, грамадскіх аб’яднанняў, незалежныя эксперты і інш. Усе яны пры вызначэнні пераможцы павінны будуць ацаніць вырабы па наступных крытэрыях: мастацка-стылевыя годнасці, якасць, арыгінальнасць, тэхніка выканання, кошт, магчымасць масавай вытворчасці.