Беражыся, зіма, Масленіца прыйшла!

Главное

Хоць ужо сярэдзіна першага вясновага месяца, але зіма не адступае, а наадварот ставіць свае ўмовы надвор’я. Каб чаканне не зацягнулася, аддаючы даніну народнай традыцыі, у мінулую нядзелю на рынку райцэнтра браслаўчане гулялі Масленіцу.
Вясну сустракаць, зіму праводзіць прыйшлі сюды і стары, і малады. У гэты марозны, але па-вясноваму сонечны дзень на імправізаванай пляцоўцы работнікі культуры ладзілі свята для браслаўчан. Яны расказалі пра старадаўнія масленічныя абрады, спявалі народныя песні.
Амаль усім прысутным выпаў шанц пагуляць. Мужчыны высвятлялі, хто дужэйшы, спрабавалі падкідваць і лавіць бліны на патэльню, дзяўчаты плялі са стужак косы. Увогуле весела праводзілі час. І як заўсёды галоўным пачастункам на свяце былі бліны. Іх мясцовыя кулінары прапаноўвалі ўсім. А бліны, як сцвярджае народнае павер’е, сімвал сонца. З’ядаючы іх, мы атрымліваем кавалачак сонечнай энергіі.
Працавалі ў гэты дзень і пункты выязнога гандлю, дзе госці маглі падсілкавацца піражкамі, булачкамі і безумоўна, гарачымі блінамі і напіткамі. А навінкай для ўсіх браслаўчан стаў гарачы глінтвейн, што зварылі на кухні кафэ “Сузор’е”.
Не абышлося ў гэты дзень без галоўнага абраду — спальвання пудзіла Зімы, каб разам з агнём і дымам паляцелі прэч усе беды, хваробы, праблемы і няшчасці.

Вольга Патаповіч.
Фота аўтара.