З пашанай да чалавека працы

Главное

Стала добрай традыцыяй на Браслаўшчыне ва ўрачыстай абстаноўцы падводзіць вынікі раённага спаборніцтва ў народна-гаспадарчым комплексе, сацыяльнай сферы, ушаноўваць людзей, якія сваёй шчырай працай у розных галінах заслужылі павагу і прызнанне.
Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў мінулы аўторак у Відзаўскім Доме культуры. На сцэну вядучыя запрасілі старшыню райвыканкама Сяргея Шматава. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што, нягледзячы на фінансавыя складанасці, неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, іншыя фактары многія працоўныя калектывы і асобныя работнікі дабіліся добрых вынікаў і тым самым унеслі свой уклад у скарбонку працоўных дасягненняў раёна.
Працоўныя заслугі галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандра Макарэвіча і начальніка цэха па адкорме свінакомплексу СВК “Маяк Браслаўскі” Галіны Цыўнель адзначаны ганаровым званнем “Чалавек года Віцебшчыны”. А на раённым мерапрыемстве яны яшчэ раз пачулі віншаванні ў свой адрас і атрымалі букеты кветак.
У розных сферах дзейнасці плённай працай і высокімі паказчыкамі вызначыліся і сёлетнія лаўрэаты звання Чалавек года Браслаўшчыны” – аператар машыннага даення СВК “Маяк Браслаўскі” Марыя Дарый, начальнік ДРБУ – 142 Анатоль Пліско і дырэктар СШ №1 г. Браслава Тамара Стома. Сяргей Шматаў уручыў ім дыпломы, кветкі і павязаў чырвоныя стужкі.
Далейшая цырымонія ўзнагароджання праходзіла таксама ў святочнай атмасферы. На сцэну Відзаўскага ДК выходзілі кіраўнікі, спецыялісты сельскагаспадарчых і вытворчых прадпрыемстваў, сферы адукацыі, культуры, гандлю, медыцынскага абслугоўвання, транспарту, прадпрымальнікі, маладыя спецыялісты. Яны атрымалі ў гэты дзень шмат віншаванняў, станоўчых уражанняў, пераходныя чырвоныя сцягі, дыпломы, кветкі. Сапраўдны заркапад з розных узнагарод абрушыўся на кіраўніцтва, галоўных спецыялістаў і працаўнікоў СВК “Маяк Браслаўскі”. І гэта заслужана, бо гаспадарка з’яўляецца лідарам сельскагаспадарчай галіны ў раёне, а людзі, якія там працуюць, сваёй плённай працай памнажаюць дабрабыт не толькі сельгаспрадпрыемства, але і ўсяго раёна.
Затым заслужаныя ўзнагароды з рук старшыні райсавета Ніны Пучынскай атрымалі пераможца спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання ў намінацыі “Лепшы сельскі Савет дэпутатаў” яго старшыня Ала Даніліна, лепшыя старэйшыны Валянціна Папкова, Ганна Шыліна, Таццяна Зянкова.
Як звычайна, перад пачаткам урачыстасці прамысловыя прадпрыемствы горада – хлебазавод, “ВТЦ г. Браслаў”, райпа арганізавалі дэгустацыю сваёй прадукцыі. Навінкі можна было не толькі пакаштаваць, але і набыць да стала.
Парадавалі сёлета і работнікі культуры, якія падрыхтавалі цудоўны святочны канцэрт. Самадзейныя артысты з Браслава, Дрысвят, Слабодкі, Ахрэмаўцаў і іншыя падарылі пераможцам спаборніцтва добрыя песні, танцы і прыўзняты настрой, за што гледачы аддзячылі ім сваімі апладысментамі.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.