Што ў доме Людмілы і Мікалая Буткевічаў з Друйска пануе атмасфера добразычлівасці, гармоніі і парадку ва ўсім, упэўнілася падчас нядаўняй сустрэчы з імі. Дома з пяцярых дзяцей, якія выхоўваюцца ў сям’і, былі самыя маленькія – чатырохгадовы Давід і двухгадовая Ліля. Старэйшыя – на занятках у школе, сярэдняя – у дзіцячым садку. Мама з татам з задавальненнем расказвалі пра кожнага з іх. Трынаццацігадовы Максім вельмі любіць даглядаць за трусамі і казой. Гэта яго непасрэдныя мужчынскія абавязкі, да якіх ён ставіцца вельмі сур’ёзна. Сямігадовай Ані падабаецца займацца з малодшымі брацікам і сястрычкай. Яна нібыта настаўніца вучыць іх правільна размаўляць, маляваць, лічыць. Сама ж цяпер пазнае азы ігры на фартэпіяна. Першымі слухачамі нейкай чарговай музычнай кампазіцыі ў яе выкананні, вядома ж, становяцца члены сям’і. Шасцігадовая Маргарыта вылучаецца сярод астатніх сваёй актыўнасцю і неардынарнасцю. Яна на ўсё мае сваё меркаванне, якое прывыкла адстойваць. Свае характары фарміруюцца і ў малодшых Давіда і Лілі.
Бацькі выхоўваюць сваіх дзяцей у дабрыні і спагадзе да іншых, вучаць суперажываць, радавацца поспехам. Адносіны паміж дзецьмі ў гэтай вялікай сям’і не проста сяброўскія, яны даверлівыя і прасякнуты цеплынёй і пяшчотай адзін да аднаго.
Акрамя таго, што ў Людмілы хапае сіл і часу клапаціцца пра сваіх дзяцей, гатаваць ім смачныя сняданні, абеды, вячэры, радаваць уласнай выпечкай, дык яшчэ на выхадныя дні ці на канікулы ў доме Буткевічаў нярэдка бываюць сіроты з Друйскага дзіцячага дома. Муж Мікалай там працуе ноччу памочнікам выхавальніка. Таму выхаванцы гэтай установы нярэдкія госці ў іх. Адзін з такіх хлопчыкаў ужо вучыцца ў віцебскім кадэцкім вучылішчы, але да гэтага часу не забывае гэтых добрых людзей, якія ў свой час ахуталі яго сваёй цеплынёй, прыязджае да іх, з задавальненнем дапамагае ва ўсіх справах, гуляе з малымі.
Асноўныя клопаты па доглядзе дзяцей — адправіць іх у школу, сустрэць, накарміць, прыбраць у хаце — кладуцца, безумоўна, на Людмілу. А Мікалай больш завіхаецца па гаспадарцы. У Буткевічаў яна вялікая: карова, свінні, авечкі. Як прызналіся самі, харчуюцца ў асноўным тым, што выгадуюць у хляве ды вырасцяць на агародзе. Работы ніхто ніякай не цураецца. Тым больш столькі памочнікаў падрастае.
Дзяржава выдзеліла Буткевічам субсідыю, дзякуючы якой яны набылі прасторны дом. Цяпер робяць у ім рамонт. Людзі яны сучасныя, таму хочуць, каб у гэтым доме і ім самім, і дзецям было камфортна і ўтульна. Новая прыгожая мэбля, неабходная электрабытавая тэхніка купляецца пасля абмеркавання на сямейным савеце і за заробленыя шчырай працай грошы.
Буткевічы вельмі ўдзячны дзяржаве за тое, што яна клапоціцца пра такія, як іх, шматдзетныя сем’і і падтрымлівае іх ва ўсім. А навіна пра ўзнагароджанне Людмілы ордэнам Маці стала для іх сапраўдным сюрпрызам, праўда, вельмі прыемным. І хоць Мікалай з уласцівай яму сціпласцю прызнаўся, што такая ўзнагарода, магчыма, крыху заўчасная, бо дзеці толькі падрастаюць, але яна заслужаная.
І яшчэ адной прыемнай навіной падзяліліся са мной Буткевічы. Яны чакаюць у хуткім часе прыбаўлення ў сям’і. Што ж, няхай растуць дзеткі на радасць маме і тату, будуць здаровенькімі і разумнымі.
Зінаіда Палулех.
На здымку: Людміла і Мікалай Буткевічы з сынам Давідам і дачкой Ліляй.
Фота аўтара.