Нюансы дзяржаўнай падтрымкі сямей з дзецьмі

Главное

Закон аб дзяржаўнай дапамозе сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, уступіў у сілу з 1 студзеня. Змена памеру дапамогі па доглядзе за дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў стала адной з самых чакаемых і абмяркоўваемых навін першага месяца 2013 года. І хоць новы закон ужо працуе, у многіх мам застаецца шмат пытанняў, якія іх хвалююць. На найбольш распаўсюджаныя з іх адказвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Цяцера.
— Ці праўда, што маці-адзіночкі цяпер ураўнаваны па дапамозе з іншымі жанчынамі, якія маюць малых дзяцей?
— Так. Цяпер выключаны ўсе надбаўкі да дапамогі па доглядзе за дзецьмі да трох гадоў і дапамозе на дзяцей, старэйшых за тры гады з асобных катэгорый сямей, у тым ліку і тыя, якія атрымлівалі маці-адзіночкі. Для захавання ўзроўню сацыяльных гарантый асобным катэгорыям грамадзян замест надбавак устаноўлены павышаны памер выплаты. Да такіх адносяцца сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў.
— Якую дапамогу будзе атрымліваць маці, якая працуе няпоўны дзень?
— Як і раней, 50% дапамогі будуць атрымліваць тыя мамы, якія працуюць у водпуску па доглядзе за дзіцяці больш, чым палову месячнай нормы. Прычым няважна, у адной фірме ці ў некалькіх. Набярэцца больш, чым паўстаўкі, дапамогу “ўрэжуць”. Аднак калі падпрацоўка будзе, напрыклад, на 0,2 стаўкі, то атрымаеце і зарплату, і поўную дапамогу.
— А калі маладая маці падпрацоўвае па дагаворы?
— У законе сказана, што палову дапамогі будуць атрымліваць тыя, хто “выконвае работу па грамадзянска-прававым дагаворы, прадметам якога з’яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці”. Калі гаварыць прасцей, то поўнай дапамогі пазбаўляюцца тыя, хто працуе па дагаворы падраду.
Плануецца таксама, што палова дапамогі будзе выплачвацца на перыяд дзеяння дагавора.
— Калі індывідуальны прадпрымальнік знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці, выплацяць поўную дапамогу?
— Адзіны спосаб атрымаць поўную дапамогу для прадпрымальніц, якія сядзяць дома з малышом, гэта на час закрыць сваю справу.
Хутчэй за ўсё плаціць дапамогу ў поўным памеры прадпрымальніцам пачнуць пасля падачы заявы на ліквідацыю ІП, а не пасля таго, як бізнес будзе спынены. Праўда, пакуль што чыноўнікі прапрацоўваюць гэта пытанне.
— Якой будзе сума дапамогі, калі аддаць дзіця ў дзіцячы сад?
— Раней дапамогу плацілі ў памеры 50%. Аднак цяпер тым, хто аддае дзіця да 3-х гадоў у садзік, дапамогу ўразаць не будуць. Справа ў тым, што такія раннія дзетсадаўцы і так часта “прагульваюць” з-за частых балячак, а таму ўсё роўна шмат часу праводзяць дома.
— Ці зробяць пераразлік дапамогі за студзень?
— Закон аб дапамогах падпісаны ўжо пасля навагодніх свят, аднак новыя памеры выплат у дакуменце зацверджаны з 1 студзеня 2013 года. У Мінпрацы тлумачаць, што ў лютым мамы атрымаюць не толькі павышаную дапамогу, але і даплату за студзень.

— Дзякую за размову.

Гутарыла Зінаіда Палулех.