З павагай да тых, хто носіць пагоны

Новости

Паўсюдна 23 лютага адзначалася свята Дня абаронцаў Айчыны. У гэтым годзе даце нададзена асаблівае значэнне, бо Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь споўнілася 95 гадоў з дня іх заснавання. Па добрай традыцыі напярэдадні ўрачыстасці ў раённым Доме культуры вучнёўскія і педагагічныя калектывы дзіцячай школы мастацтваў ладзілі свой канцэрт-віншаванне.
У актавай зале сабраліся кіраўнікі раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый горада, грамадскасці, маладога пакалення, мясцовыя жыхары і, безумоўна, ветэраны.
Са словамі віншавання перад прысутнымі выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. Яна адзначыла вялікі ўклад нашых дзядоў і бацькоў падчас кровапралітных войнаў, іх мужнасць і адвагу на шляху да перамогі; падзякавала віноўнікам свята за добрасумленную службу, мірнае неба над галавой, спакой і ўтульнасць у нашых дамах.
Як заўсёды, на мерапрыемствах такога плана не абышлося і без прыемнай цырымоніі ўручэння ўзнагароды. Ваенны камісар Браслаўскага раённага ваеннага камісарыята, маёр Віталь Грамніцкі ўзнагародзіў нагрудным юбілейным знакам “Беларускі Саюз афіцэраў: 20 гадоў” маёра запасу Віктара Храловіча.
У полымі Вечнага агню, у велічных мемарыялах і сціплых абелісках, у творах літаратуры і мастацтва, у сэрцах сучаснікаў і нашых нашчадкаў назаўсёды захаваецца памяць пра бессмяротныя подзвігі тых, хто першым падымаўся ў атаку, хто стаяў насмерць на полі бою. Аддаючы даніну павагі, да помніка воінам, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне, быў ускладзены вянок.
Затым святочнае мерапрыемства прадоўжыў запамінальны канцэрт з удзелам маленькіх і дарослых танцораў, аркестраў, інструментальных ансамбляў, салістаў, вакальных гуртоў горада і раёна, які падарыў усім шмат станоўчых эмоцый і пазітыўны эмацыянальны настрой.

Таццяна Прашкевіч.
Фота аўтара.