Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Морхат у мінулую пятніцу правёў асабісты прыём грамадзян у Відзаўскім сельвыканкаме. Жыхары раёна на працягу трох гадзін маглі таксама звярнуцца да яго са сваімі праблемамі па тэлефоне.
Першай на прыём да парламентарыя прыйшла відзаўчанка Раіса Сямёнава. Яна расказала Мечыславу Морхату пра нялёгкі лёс, які напаткаў у пасляваенныя гады яе бацькоў з дзецьмі.
Восенню 1945 года яе маці Е. Яфімаву з малымі саслалі ў Сібір, бо бацьку прызналі здраднікам радзімы. Сям’і давялося жыць і працаваць у жудасных умовах замест трох, чатыры гады, бо не мелі сродкаў вярнуцца дамоў. Праўда, патрэбную суму сабралі сваякі, якую потым трэба было вяртаць. Не буду пераказваць усю гэту гісторыю, скажу толькі адно, што пазней маці і сама Р. Сямёнава былі рэабілітаваны, а вось бацьку ў рэабілітацыі было адмоўлена.
Р. Сямёнава звярнулася да парламентарыя з пытаннем, чаму не прыняты закон, каб тыя, хто нявінна пакутаваў у ссылках, атрымалі хоць якую-небудзь кампенсацыю. Маўляў, нават немцы выплачвалі яе праз столькі гадоў вязням канцлагераў.
М. Морхат абяцаў жанчыне знайсці спосаб, як і чым ёй дапамагчы на месцы. Яна даўно засталася ўдавой, цяпер жыве адна, дачка ў Прыбалтыцы. Вядома ж, кампенсаваць тыя пакуты няма магчымасці. А вось, напрыклад, адрамантаваць печ ці выплаціць адрасную дапамогу адзінокай жанчыне – магчыма.
Прыйшла на прыём да дэпутата і дэлегацыя пенсіянераў – У. Улінкін, М. Хрушчова, М. Урбановіч, А. Пуйша, якія скардзіліся, што чатыры тыдні запар не працуе грамадская лазня. Каб больш дэталёва разабрацца ў гэтай праблеме, М. Морхат звярнуўся да дырэктара КУП “Браслаў – камунальнік” І. Брынкевіча і начальніка відзаўскага ўчастка ЖКГ Л. Смірнова. Пасля працяглых высвятленняў абставін камунальнікі запэўнілі, што зробяць усё магчымае, каб у суботу, 23 лютага, людзі змаглі памыцца. І ў будучым, як абяцалі, падобнай праблемы не ўзнікне.
На “прамую” лінію паступілі званкі ад В. Аляксеевай з Ахрэмаўцаў, якая расказала пра свае праблемы з Белдзяржстрахам, і ад Р. Папковай з Браслава, у якой непаразуменні з суседзямі. Мечыслаў Морхат уважліва выслухаў абедзвюх жанчын і прапанаваў ім выкласці ўсе свае прэтэнзіі ў пісьмовай форме, бо сітуацыі няпростыя і заблытаныя, з ходу ў іх разабрацца цяжка.
У гэты ж дзень дэпутат Палаты прадстаўнікоў М. Морхат сустрэўся з аўтарамі калектыўнага пісьма, якое паступіла ў яго адрас наконт закрыцця школы ў Гірэйшах, папрысутнічаў таксама на справаздачным сходзе ў КУСП “Відзаўскі”.
Тэкст і фота Зінаіды Палулех.