У адно імгненне жыццё можа змяніцца, здароўе пахіснуцца, сябры і сваякі адвярнуцца і забыць. Па волі лёсу чалавек застаецца адзін. Для кагосьці гэта пакаранне за справы мінулыя, для кагосьці — выпрабаванне. Вось пра такіх адзінокіх састарэлых, якія не могуць паўнацэнна сябе абслугоўваць, клапоціцца дзяржава, даглядае ў дамах-інтэрнатах.
Ужо больш за паўстагоддзе існуе такі і ў нашым раёне, разлічаны на 105 месц. У мінулым годзе з абласнога бюджэту на капітальны рамонт і мадэрнізацыю дома-інтэрната выдзелена 3 млрд. рублёў. За гэтыя сродкі абнавілі першы жылы корпус. Уцеплены і пафарбаваны ў светлыя «вясёлыя» колеры сцены, замест старых вокнаў з’явіліся шклопакеты, заменены дах, у калідорах падлога выкладзена прыгожай пліткай, у пакоях пасцелены лінолеўм. Памыцца насельнікі могуць у па-сучаснаму адрамантаванай душавой. Адным словам, у выніку мадэрнітзацыі ўмовы жыцця пажылых людзей і інвалідаў прыемна змяніліся.
З лютага бягучага года пачаўся рамонт і другога жылога корпуса, на які выдзелена
5 млрд. рублёў. Пры сваечасовым фінансаванні плануецца завершыць яго да 1 верасня.
Планы ў дырэктара ўстановы Сяргея Аліхвера вялікія, бо не толькі пра фізічны стан сваіх падапечных клапоціцца кіраўнік, што, безупэўна, на першым месцы. Шмат у яго задум і па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол дома-інтэрната, каб адзінокія людзі маглі любавацца прыгажосцю і «мякчэць душой». Нездарма за сваю плённую працу С. Аліхвер узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства працы і сацыяльнай дапамогі.
Добрымі дарадцамі і надзейнымі памочнікамі ў выкарыстанні фінансавых расходау і падлікаў, асабліва падчас капрамонту, для дырэктара з’яўляюцца бухгалтары Г. Брыль і В. Галіцкая.
Дзякуючы падсобнай гаспадарцы, якая забяспечвае сталовую ўласным мясам, малаком і гароднінай, чатырохразовае харчаванне насельнікаў дома-інтэрната вельмі разнастайнае. Да таго ж дырэктар установы знаходзіць пастаўшчыкоў, у якіх можна набыць прадукты і садавіну больш танна.
З прыходам ва ўстанову ўрача Вальдэмара Лакевіча (на здымку) на больш высокі ўзровень паднялося медыцынскае абслугоўванне. Ён амаль 15 гадоў адпрацаваў у аддзяленні рэанімацыі бальніцы, выратаваў жыццё не аднаму чалавеку. Таму бабулі і дзядулі знаходзяцца пад надзейнай аховай. Дапамагаюць яму вопытны ўрач Л. Мацур і медсёстры Р. Маслоўская, В. Сачкова. Станоўчым вынікам работы медыкаў з’яўляецца працягласць жыцця сталых людзей, якая складае ў сярэднім больш за 80 гадоў.
Прыгажосць, утульнасць і камфорт немагчыма стварыць без клопату і руплівай працы ўсяго персаналу. З пачаткам рамонту прыбавілася работы ў санітарак, але яны паспяваюць навесці чысціню і дагледзець сваіх падапечных. Асаблівай стараннасцю ў рабоце, як адзначыў С. Аліхвер, вылучаюцца санітаркі І. Брыль, А. Кука, Н. Лаўрэнава, Л. Падзява.
Такім чынам, толькі ў сукупнасці дзеянняў дзяржавы і кожнага чалавека жыццё сталых адзінокіх людзей магчыма палепшыць і ўнесці ў іх аднастайныя дні праменьчык сонейка і кроплю радасці.
Алена Пятушка.