У чарговы раз выхаванцы цэнтра дзяцей і моладзі паказалі, на што здольныя, і вярнуліся з чарговага конкурсу з поспехам і прыемнымі навінамі. На гэты раз з адборачнага тура абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет”, які праходзіў у студзені ў Наваполацку.
Ён праходзіць раз у два гады сярод дзяцей, якія наведваюць пазашкольныя ўстановы вобласці. Журы з Віцебска сёлета ацэньвала творчасць дзяцей у дэкаратыўна-прыкладным, выяўленчым, тэатральным мастацтве, вакале, канферансе, інструментальнай музыцы.
Браслаўчане прымалі ўдзел у гэтым конкурсе толькі другі раз, але падрыхтаваліся выдатна і выступілі ў такіх намінацыях, як тэатральнае мастацтва, вакал, інструментальная музыка і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
І вось нядаўна стала вядома, што ўдзельнічаць у заключным рэспубліканскім этапе ў Мінску будуць вакалісты Ала Камінская з СШ №2 і Сабіна Шчэціна з Відзаўскай школы, а таксама журы адабрала работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Увогуле журы адзначыла ўзровень падрыхтоўкі браслаўчан да конкурсу як дастаткова высокі, тое, што ў Браславе развіваюцца розныя накірункі творчасці. Падрыхтоўку і праграму канферанс’е з Браслава і “Тэатр моды” з СШ №1 яны адзначылі асабліва.