У канцы мінулага месяца Беларускі сялянскі савет арганізаваў рабочую паездку для аграменеджараў рознага ўзроўню ў Польшчу і Германію для пераймання вопыту па вытворчасці сельгаспрадукцыі ў нашых заходніх суседзяў з Еўрасаюза. У склад беларускай дэлегацыі былі запрошаны старшыня Браслаўскага райвыканкама Сяргей Шматаў, яго першы намеснік, начальнік упраўлення райсельгасхарча Максім Чагарын і дырэктар КУСП “Відзаўскі” Канстанцін Гайлеўскі.
Сваімі ўражаннямі пра ўбачанае з карэспандэнтам газеты Аляксандрам Азевічам падзяліўся Максім Чагарын.
— Тэма нашай вучобы, а ехалі мы туды менавіта вучыцца, называлася “Еўрапейскія стандарты ў сельскай гаспадарцы. Мадэрнізацыя жывёлагадоўчых ферм”. Усе рабочыя дні мы правялі на фермах, малака- і мясаперапрацоўчых заводах, біягазавых устаноўках, у даільных залах, забойных пунктах, лабараторыях кантролю якасці прадукцыі.
Там было што пачарпнуць карыснае. Скажам, мадэрнізацыяй ферм займаюцца і яны, і мы. Праўда, нашы заходнія калегі ў гэтым накірунку пачалі рухацца значна раней і апярэдзілі нас.
У часы існавання сацыялістычнага лагера як у Польшчы, так і ва Усходняй Германіі жывёлагадоўчыя памяшканні ўзводзілі такія ж, як і на прасторах Саюза. Іх, яе і ў нас, не разбуралі, а вялі рэканструкцыю. Пры распрацоўцы праектаў прадумвалася ўсё да дробязей: якім маршрутам жывёла пойдзе ў даільную залу, якім на выгул, дзе будзе знаходзіцца ў час выдалення гною і г. д. Пры гэтым яшчэ ўпор рабіўся на зніжэнне аб’ёмаў будаўнічых матэрыялаў. Там замест звыклых для нас цагляных ці бетонных сцен — сеткавыя рухомыя бакавіны і тэнтавыя пакрыцці тарцоў.
Нашы спецыялісты, мабыць, палічаць такія канструкцыі непрымальнымі для нашых кліматычных умоў, маўляў, зімой жывёла будзе замярзаць. Але ж якраз у час нашай паездкі тэмпература паветра апусцілася да 12 градусаў, а дарослая жывёла і цяляты, па ўсім было бачна, адчувалі сябе досыць камфортна, і на прадукцыйнасці жывёлагадоўлі гэта не адбіваецца. Як казалі польскія калегі, буйная рагатая жывёла значна горш пераносіць высокія тэмпературы, чым нізкая. У гэтым яны пераканаліся на ўласным вопыце.
Асобна хочацца сказаць пра прадукцыйнасць працы. Па плошчах ворыўных зямель, пагалоўю жывёлы іхнія гаспадаркі прыкладна такія ж, як і нашы. Працуюць ж у іх па 30-40 чалавек, у тым ліку ва ўпраўленчым звяне — кіраўнік, намеснікі па жывёлагадоўлі і раслінаводстве, бухгалтар. На ферме з круглагадовым бяспрывязным утрыманнем працуюць па 3 дояры ў змену (усяго 6 чалавек), яшчэ адзін корміць жывёлу, выдаляе гной. Усе астатнія заняты ў раслінаводстве, ці правільней было б сказаць, займаюцца кормавытворчасцю. І няпраўда тое, што немцы кормяць кароў толькі камбікормам, таму і дояць па 10 000 кг малака ў год на галаву. Як казаў мне адзін з фермераў, на травяністых кармах ён можа спакойна мець удой у 6000 кілаграмаў, а каб хутчэй акупіліся затраты на мадэрнізацыю, і дабаўляе ў рацыён канцэнтраты.
А яшчэ ў Германіі на малаказаводах выпускаюць біямалако. І гэты прадукт атрымліваюць ад кароў, якіх кормяць толькі мурожнымі травамі і сенам.
З усяго ўбачанага вывад напрошваецца адзін: рэканструкцыя ферм не гарантыя павелічэння валавой прадукцыі. Без належнага адладжвання ўсяго тэхналагічнага працэсу ўтрымання, даення, кормавытворчасці, павышэння прадукцыйнасці працы ўкладзеныя ў рэканструкцыю і мадэрнізацыю грошы акупяцца не хутка.