Штогод кожную першую суботу лютага ў нашай краіне, як, дарэчы, і ў многіх іншых, ладзяцца вечары сустрэчы выпускнікоў. Не абмінула гэта традыцыя і Браслаўшчыну, дзе ўстановы адукацыі з радасцю прымалі на мінулым тыдні сваіх былых вучняў. У першай гарадской школе свята прайшло цікава і насычана, а як інакш, калі на яго сабраліся выпускнікі за апошнія больш чым 50 гадоў. Сяброўскія абдымкі, кампліменты ў адрас адзін аднаго, усмешкі і слёзы – многае пабачыла актавая зала школы ў мінулы суботні вечар.
На пачатку мерапрыемства, якое было стылізавана пад інтэрфейс вядомага сайта “аднакласнікі”, вядучыя і дырэктар школы Тамара Стома лаканічна расказалі пра сучасныя будні ўстановы, поспехі яе вучняў і настаўнікаў. Падчас своеасаблівай пераклічкі высветлілася, што на сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі амаль усіх юбілейных выпускаў, пачынаючы з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Сярод іх быў і паэт Яўген Расалай, які падзякаваў за свята арганізатарам і ўдзельнікам мерапрыемства ад свайго імя і ад імя тых, хто не змог паўдзель-нічаць у вечары. Узгадалі арганізатары і настаўнікаў, якія з энтузіязмам аддаваліся любімай справе. На жаль, многіх з іх з намі ўжо няма.
Усіх з прысутных, хто скончыў школу ў 1963-м, 1968-м, 1973-м і гэтак далей гадах запрашалі на сцэну, уручалі ім памятныя падарункі. Зала то выбухала смехам, то, затойваючы дыханне, слухала, калі вядучыя прасілі былых “жданаўцаў” узгадаць цікавыя моманты са свайго школьнага жыцця ці адказаць на жартоўныя пытанні. Моманты ўшанавання выпуск-нікоў чаргаваліся з нумарамі мастацкай самадзейнасці, якія падрыхтавалі вучні школы, у тым ліку і былыя. Завяршылася мерапрыемства душэўнымі размовамі за кубачкам чаю ў імправізаваным школьным кафэ.
Вось што расказалі мне ўдзельнікі вечара сустрэчы наконт актуальнасці такога кшталту мерапрыемстваў:
Тамара Стома, дырэктар школы: “Я лічу, што такія сустрэчы патрэбны. Мы праводзім іх штогод за невялікім выключэннем. Падчас іх адчуваецца дух адзін-ства і патрыятызму. Пры-емна, што нашы выпускнікі цягнуцца да сваёй школы, да настаўнікаў. Да таго ж вечар сустрэчы – добрая для педагога магчымасць ацаніць вынікі сваёй працы, асабліва калі ён выпусціў у жыццё некалькі пакаленняў. Адным словам, мерапрыемства па-трэбнае як настаўнікам, так і іх выпускнікам.”
Ірына Шэвялінская, Ніна Марозава, выпускніцы школы 1963 года: “Мы вельмі ўдзячныя арганізатарам мерапрыемства, асабліва дырэктару, за за-прашэнне на свята. Магчымасць зноў адчуць сябе маладымі, узгадаць сваіх настаўнікаў і ўвогуле школу адгукнулася ў нашых сэрцах цяплом прыемных успамінаў”.
Юлія Пяткун, выпускніца школы 2003 года: “Падчас такіх сустрэч адчуваеш сябе часткай адзінага цэлага – школы, калі прыемна праводзіш час з аднакласнікамі і настаўнікамі. Гэта добрая магчымасць узгадаць свае лепшыя гады і выказаць словы ўдзячнасці людзям, якія зрабілі з цябе чалавека.”
І сапраўды, найлепшая магчымасць убачыцца са школьнымі сябрамі і падарыць кветкі былому класнаму кіраўніку адкрываецца на вечары сустрэчы выпускнікоў. Але ці варта чакаць лютага, каб выказаць словы ўдзячнасці сваім настаўнікам ці сказаць аднакласніку, як моцна той змяніўся. Для гэтага ж ёсць яшчэ 364 дні. Але як бы там ні было, традыцыя добрая, бо яна выконвае адну з самых няпростых задач сучаснасці – аб’ядноўвае людзей.
Вячаслаў Каладынскі.