Святлом забяспечаны

Главное

Электраэнергія настолькі трывала ўвайшла ў паўсядзённы быт, што наўрад ці хто ўяўляе без яе сваё жыццё. Ужо пасля некалькіх хвілін абясточвання мы пачынаем асабліва востра цаніць зручнасці сучаснага прагрэсу. Каб такое не здаралася, дзень і ноч нясуць сваю адказную вахту энергетыкі. Пра работу электрычных сетак нашага раёна карэспандэнт газеты Алена Пятушка распытала ў начальніка Браслаўскага РЭС Мікалая Райскага.
Мікалай Іосіфавіч, электрагаспадарка, якой кіруеце, мабыць, досыць вялікая, нездарма ж называецца яна раён электрычных сетак.
— Сёння мы абслугоўваем 1041 км ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і 1156 км ліній напружаннем 0,4 кВ, экс-плуатуем 670 трансфарматарных падстанцый, кіруем работай васьмі асноўных сілкуючых падстанцый напружаннем 110/35/10 кВ і дзвюх гідраэлектрастанцый. Усе намаганні нашага калектыву, безумоўна, накіраваны на павышэнне надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў раёна.
Як выглядаюць справы
сёння?
— За мінулыя два гады нават пры абмежаваных фінансавых магчымасцях з дапамогай падраднай арганізацыі ПМК-3 пабудавана 19 км новых ліній 10 кВ на суму 707 млн. рублёў, уласнымі сіламі за 2012 год капітальна адрамантавана 109 км ліній 10 кВ і 143 км ліній 0,4 кВ на агульную суму 320 млн. рублёў.
Асаблівую ўвагу надаём замене правадоў на ўводах у жылыя дамы, устарэлых ліхтароў на новыя з энергазберагальнымі лямпамі. Ачышчаем прасекі пад правадамі лiнiй, мяняем неізаляваныя правады на ізаляваныя на паветраных лініях 10 кВ у лясных масівах. Гэта павышае бяспечнасць электрасетак, надзейнасць энергазабеспячэння спажыўцоў раёна.
Чытачам газеты, лічу, будзе цікава ведаць, колькі электрычнасці “з’ядаюць” браслаўчане.
— Наш РЭС забяспечвае электраэнергiяй 14457 зарэгiстраваных абанентаў. Сярэднямесячнае спажыванне электраэнергіі па раёне складае каля 4,5 млн. кВт.г, у тым ліку бытавымі абанентамі – 1,9 млн. кВт.г, прамысловымі – 0,9 млн. кВт.г, сельскагаспадарчымі – 0,7 млн. кВт.г, дзяржсектарам – 1 млн. кВт.г.
Мікалай Іосіфавіч, разумею, што працаваць у вашай арганізацыі не толькі складана, а часам і небяспечна. Хто задае тон у рабоце?
— На сённяшні дзень у калектыве 84 чалавекі, у ім арганічна спалучаюцца вопыт і маладосць. Гэта прафесіяналы, якія працуюць з поўнай самааддачай. Іх службовыя абавязкі звязаны з рызыкай для жыцця, але ў любых умовах, пры любых акалічнасцях яны павiнны забяспечваць бесперапынную падачу электрычнай энергіі.
Хочацца адзначыць нашых ветэранаў энергасістэмы, якія з’яўляюцца дарадцамі і надзейнымі памочнікамі для маладых, сярод іх майстры А.Умпіровіч і А.Краснякоў, дыспетчар У. Шукель – граматныя спецыялісты і добрасумленныя работнікі. У іх паспяхова прымае працоўную эстафету маладая змена – майстры Р. Лапко і А. Кукьян. Спрытам і акуратнасцю ў працы вылучаюцца электраманцёры В.Глод, Ю. Баравік, Г.Баравік. Ва ўзорным стане захоў-ваюць неабходную рабочую тэхніку механік В.Кукьян, слесар І.Лінкевіч і зваршчык А.Лашкоў.
Жыццядзейнасць Браслаўскага раёна напрамую залежыць ад якасці нашай работы, і мы, уяўляючы ўсю адказнасць, гатовы кругласутачна выконваць ускладзеныя на нас задачы.
Дзякую, Мікалай Іосіфавіч, за размову.