Тэатральны калектыў парафіі “Нараджэння Маці Божай у г. Браславе” ў чарговы раз пакарыў і парадаваў спецыялістаў і гледачоў. Сёлетняя яго работа была прызнана лепшай у конкурсе калядных пастановак, які праходзіў у Віцебскай дыяцэзіі. А крыху пазней з ёй змаглі пазнаёміцца і браслаўчане, якія, мяркуючы па воплесках, таксама высока ацанілі талент самадзейных артыстаў, варты, на думку многіх, больш вялікай сцэны і шырокай публікі.
У адрозненне ад мінулых гадоў пастаноўку паказвалі не на сцэне раённага Дома культуры, а ў касцёле. Таму дзейства разгортвалася ў атмасферы духоўнага перажывання, праз якое даводзіцца праходзіць кожнаму хры-сціяніну ў час падрыхтоўкі і святкавання Божага Нараджэння. Для іх і праз дзве тысячы гадоў гэта тая самая праўда, тое самае здарэнне… Аднак сёння нямала людзей, для якіх Каляды — падстава лішні дзень адпачыць, смачна паесці, абмяняцца з блізкімі і знаёмымі падарункамі. Вось гэта процістаянне сапраўднай веры і бытавой мітусні вельмі ярка паказалі артысты. Іх работа так і называлася “Уплыў Божага Нараджэння”, у якой кожная дзеючая асоба ў сілу свайго таленту імкнулася паказаць, што, рыхтуючыся да такога вялікага свята, найперш людзі павінны задумацца пра сапраўдны сэнс нараджэння Хрыста, пра ўзаемаадносіны ў сем’ях, а не бегаць па крамах, не вышукваць экзатычныя стравы да стала…
І, трэба сказаць, гэта ім удалося. Ігра кожнага была пераканаўчай, эмацыянальна насычанай, пранікнёнай. Ярка раскрыць вобразы ўдалося як даўнім членам калектыву, так і тым, хто браў удзел у спектаклі ўпершыню. Гэта члены тэатральнай студыі “Сонейка” цэнтра дзяцей і моладзі Уладзік Караткоў і Даша Блізняцова.
Гаворачы пра поспех артыстаў, нельга абмінуць увагай і тых, хто дапамог раскрыцца іх таленту, стварыў умовы для самавыражэння, на працягу многіх гадоў з’яўляецца добрым настаўнікам, дарадцам і арганізатарам. Маю на ўвазе арганістку касцёла, стваральніка драматычнага калектыву, які існуе больш за 20 гадоў, арганізатара ўсіх спектакляў і пастановак, разнастайных конкурсаў Іну Сапун і рэжысёра Алену Каспаровіч. Дзякуючы іх тандэму, у якім злучыліся арганізатарскія і прафесіянальныя здольнасці, тэатральны калектыў радуе гледача сваёй творчасцю, прымушае задумацца над рознымі акалічнасцямі жыцця, дапамагае знайсці ў ім правільны шлях.
Тамара Пашкевіч.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі пастаноўкі з біскупам Уладзіславам Блінам.