Юныя турысты з Браслаўскага раёна пераадолелі маршрут працягласцю 400 кіламетраў

Здоровье
Летнія канікулы — ідэальны час для новых уражанняў і цікавых сустрэч. І лепш за ўсё гэта атрымаць падчас паходу. Таму ў ахрэмаўскіх школьнікаў стала добрай традыцыяй штогод выпраўляцца ў падарожжа па незнаёмых мясцінах.

Ужо загадзя ўдзельнікі турыстычнага клуба «Легіён», які дзейнічае на базе Ахрэмаўскай ЯССШ, разам са сваім кіраўніком Вячаславам Крапом пачалі рыхтавацца да паходу. Самае галоўнае — выбраць цікавы маршрут. Сёлета юныя турысты выправіліся ў мясціны, дзе падчас Першай сусветнай вайны ў 1916 годзе рускімі войскамі была праведзена наступальная «Нарачанская аперацыя».

У вызначаны дзень хлопцы і дзяўчаты ў рамках аздараўленчага перасоўнага лагера выправіліся спачатку на веласіпедах у свой 9-дзённы шлях у накірунку возера Нарач. За першыя тры дні падарожнікі пабывалі ў розных мясцінах, дзе не толькі любаваліся цудоўнымі краявідамі, але і бачылі прыкметы далёкай вайны. У агр. Камаі браслаўчане наведалі незвычайны касцёл XVII ст. абарончага тыпу, які больш нагадвае сапраўдную крэпасць. Мясцовы ксёндз правёў для іх цікавую экскурсію і паказаў пахаванне рускіх салдат.

Наступным прыпынкам стаў заказнік «Блакітныя азёры», дзе нашы турысты з задавальненнем прайшліся па экалагічнай сцяжынцы, а потым адпачылі на пляжах азёр Глубля і Глубелька. Далей каманда выправілася ў в. Камарова, дзе мясцовы прадпрымальнік прадаставіў яе ўдзельнікам двухмясцовыя байдаркі. Два дні нашы падарожнікі ішлі па рацэ Страча, пераадольваючы завалы, мелі і плаціны.

Нямала намаганняў давялося ім прыкласці, каб пераадолець непрадказальнае бурлівае цячэнне. Да таго ў першы дзень воднага паходу нябесная канцылярыя вырашыла праверыць хлопцаў і дзяўчат на трываласць і абрынула на іх галовы дождж. Аднак вопытныя і настойлівыя юныя турысты без нараканняў ішлі наперад.

Водныя прыгоды закончыліся ў в. Міхалішкі, адкуль ужо пешшу каманда вярнулася ў Камарова. Калі на байдарках па звілістай рацэ гэты шлях заняў два дні, то па сушы вандроўнікі прайшлі яго за паўдня.

Падсілкаваўшыся смачным хлебам з мясцовай пякарні, браслаўчане на сваіх веласіпедах праз Нарач, Мядзел, Дунілавічы, Мосар і Парыж выправіліся дадому.

Зразумела, і гэты шлях прынёс ім нямала разнастайных уражанняў і эмоцый. Усяго падарожнікі пераадолелі каля 400 км. ■

Алена ПЯТУШКА.