Аднаўленне рыбных запасаў – справа важная

Новости

Беларуская прырода вельмі маляўнічая і багатая на рэсурсы. У лесе – дровы, грыбы і ягады, у азёрах і рэках – рыба. Усе мы карыстаемся гэтымі дарамі. Аднак варта памятаць, што кладоўкі прыроды не бяздонныя. Іх трэба выкарыстоўваць рацыянальна, берагчы і пастаянна папаўняць.
Калі ўзнаўленне лесу — справа складаная і працяглая, то аднаўленне рыбных запасаў нашых вадаёмаў некалькі больш простае і хуткае. З гэтай мэтай на кожны вадаём, які арандуецца для вядзення рыбалоўнай гаспадаркі, распрацоўваецца рыбаводна-біялагічнае абгрунтаванне яго выкарыстання, у якім агаворваюцца розныя ўмовы вядзення гаспадарчай дзейнасці, у тым ліку і зарыбленне.
Кантроль за выкананнем арандатарамі ўмоў такога абгрунтавання ўскладзены на прыродаахоўныя органы, у ліку якіх і Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У 2011 і 2012 гг. Браслаўская міжраённая інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету выдала карыстальнікам рыбалоўных угоддзяў шэраг прадпісанняў пра неабходнасць зарыблення арандуемых вадаёмаў. Аднак даводзіцца канстатаваць, што не ўсе карыстальнікі прынялі адпаведныя меры па зарыбленні, за што іх кіраўнікі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Так, напрыклад, у 2011 годзе на тэрыторыі раёна зарыбленне правялі на азёрах Альбенаўскае, Болта, Золава, Недрава і Вялікая Ельня, якія знаходзяцца ў карыстанні НП “Браслаўскія азёры”, двухгадовікам сярэбранага карася агульнай колькасцю больш чым 50 тысяч асобін. Двухгадавалым белым амурам зарыблена возера Ажэхава, якое арандуе прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Карловіч”.
У пачатку лістапада бягучага года Браслаўская ПМС зарыбіла азёры Сіта і Обаль сяголеткам шчупака колькасцю 1 тыс. асобін, а таксама НП “Браслаўскія азёры” возера Поцех двухгадовікам карпа (2,2 тыс. асобін), возера Недрава – двухгадовікам белага амура, таўсталобіка і карпа, адпаведна па 2,9 тыс., 3,5 тыс. і 2,2 тыс. асобін.
У возера Неспіш выпушчаны таксама белы амур і таўсталобік, у Бярэжжа – белы амур, у Балойса – белы амур і карп, у Богінскае – таўсталобік, у Ельна – белы амур і карп.
А днямі арандатары возера Вера прывезлі з Полацкага рыбагадавальніка 200 асобін сазана, 300 карпа, 120 шчупакоў і зарыбілі імі вадаём.
Так што можна разлічваць: з рыбай будзем.

Дзмітрый Палуэктаў,
дзяржінспектар Браслаўскай МРІАР і ЖС.