Браслаўчанін Станіслаў Галіцкі ўзнагароджаны Падзякай Міністэрства ЖКГ

Люди
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання насельніцтва начальнік участкаў «Добраўпарадкаванне» і па ўстараненні бытавых адходаў КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Станіслаў Галіцкі за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў і добрасумленную працу ўзнагароджаны Падзякай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Браслаўшчына для Станіслава Іванавіча стала, бадай, другой радзімай, бо з ёй звязана практычна ўсё яго дарослае жыццё. А трапіў сюды Станіслаў з украінскай вёскі Вербаўцы Хмяльніцкай вобласці, можна сказаць, па волі выпадку. Пасля выканання воінскага абавязку хлопец вярнуўся дадому, і родны дзядзька, які служыў афіцэрам на запасным аэрадроме Балтыйскага флоту ў Мёрах, папрасіў пляменніка прывезці з Украіны пасля летніх канікулаў яго дзяцей.

…Браслаўскія краявіды ўразілі з першага погляду. Таму калі знаёмы дзядзькі прапанаваў паспрабаваць пачаць працоўны шлях ў меліярацыйным прадпрыемстве, дзе адразу гарантавалі пакой у інтэрнаце, то нічым яшчэ не абцяжараны ў жыцці малады чалавек згадзіўся не раздумваючы.

Тут жа ў меліярацыі хутка пазнаёміўся з будучай жонкай, якая працавала брыгадзірам дрэнажнай брыгады. А ўжо праз год пасля заключэння шлюбу яны святкавалі наваселле ва ўласнай кватэры.

— У 70 – 80-я гады ПМС будавала шмат жыллёвых дамоў, — успамінае С. Галіцкі, — таму для сваіх работнікаў чаргі на яго атрыманне амаль не існавала. Так і прыкіпеў душой да Браслаўшчыны.

Вакантнае месца начальніка ўчастка па добраўпарадкаванні жыллёва-камунальнай гаспадаркі Станіслаў Іванавіч заняў па прапанове галоўнага інжынера арганізацыі ў маі 2009 года і знаходзіцца на гэтай турботнай пасадзе па сённяшні дзень. А яна і сапраўды турботная, бо С. Галіцкі непасрэдна адказвае ў горадзе за ўтрыманне вулічна-дарожнай сеткі, рамонт праезнай часткі, рэстаўрацыю і замену дарожных знакаў, абрэзку дрэў і кустоўя, у зімовы перыяд — за ачыстку праязных і прахадных шляхоў ад снегу, пасыпку іх супрацьгалалёднай сумессю, а вясной — за чысціню вуліц, падрыхтоўку клумбаў, пасадку кветак, іх догляд, адным словам, усе абавязкі нават немагчыма пералічыць. Заўважу толькі, што карпатлівая праца начальніка участкаў, двух падначаленых яму майстроў, 11-і рабочых і 5-і вадзіцеляў смеццевозаў штодзённа на вачах усіх гараджан, і калі што не так, найперш ім даводзіцца стрымліваць хвалю незадаволенасці.

— Безумоўна, і на нашым участку існуюць, як кажуць, недапрацоўкі, не заўжды атрымліваецца ўсё так, як хочацца, — адкрыта прызнаецца Станіслаў Іванавіч, — але і некаторыя гараджане, на жаль, ніколькі не клапоцяцца пра агульны парадак: не даносяць да кантэйнерных пляцовак бытавое смецце, перапаўняюць ім вулічныя ўрны, прызначаныя для спадарожных дробных адыходаў, пашкоджваюць дэкаратыўныя агароджы і дарожныя знакі. А вось іншыя жыхары сталі самастойна разбіваць у дварах клумбы, садзіць кветкі, даглядаць іх. Больш гараджан пачалі сартаваць бытавое смецце, значыць, менш другасных рэсурсаў трапіць на звалку.

Дарэчы, акрамя арганізацыі работы падначаленых яму людзей, па санітарнай ачыстцы і вывазу смецця, С. Галіцкі яшчэ і сам прымае ад насельніцтва і арганізацый другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Таму нават паўгадзіны спакойна пагутарыць з і м было складана: хтосьці прывозіў на здачу шкло, нехта — макулатуру, і амаль бесперапынна званіў тэлефон.

Нягледзячы на такое кола абавязкаў, кіраўніцтва «Браслаў-камунальніка» лічыць, што Станіслаў Іванавіч спраўляецца з імі, бо ён валодае незайздроснымі арганізатарскімі здольнасцямі, вялікім практычным вопытам, з уласцівай яму працавітасцю праяўляе творчы падыход да любой справы. Таму міністэрская падзяка — заслужаная ўзнагарода вынікаў яго дзейнасці ў камунальным прадпрыемстве. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.