Падведзены вынікі конкурсу на лепшае навагодняе афармленне

Главное
Чарговы этап традыцыйнага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне аб’ектаў завяршыўся.

На мінулым тыдні спецыяльна створаная камісія ў складзе намеснікаў старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнікаў аддзелаў райвыканкама і прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый падвяла вынікі спаборніцтва.

Нагадаю, пры размеркаванні прызавых месц улічвалася комплекснае мастацкае афармленне аб’ектаў, унікальнасць ідэі, светлавыя рашэнні, нестандартнасць падыходаў, якасць выкананых работ, а таксама стан прылягаючай тэрыторыі.

Згодна з рашэннем камісіі пераможцам конкурсу сярод юрыдычных асоб стала першая гарадская школа. Установа адукацыі ўзнагароджана дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 7 базавых велічынь.

За комплекснае мастацкае рашэнне ў навагоднім афармленні адзначаны філіял «Браслаўскае вытворчае ўпраўленне» Віцебскаблгаза і нацыянальны парк «Браслаўскія азёры». За падтрыманне іміджу ўстановы ў навагоднім афармленні ўзнагароды атрымалі філіял ДРБУ-142 і цэнтр банкаўскіх паслуг № 205 Беларусбанка. За выкарыстанне нестандартных тэхнічных рашэнняў у святочным афармленні адзначана цэнтральная бібліятэка. Усе названыя арганізацыі ўзнагароджаны адпаведнымі дыпломамі райвыканкама. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.