У Браславе адсвяткавалі Купалле

Новости

Купалле, якое святкуецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня, лічыцца адным з самых старажытных і ўсімі любімых. Так, свята летняга сонцастаяння спрадвеку шырока адзначалася нашымі продкамі, дайшлі некаторыя традыцыі і да нашага пакалення.
Між іншым даўней Купалле было сапраўдным шоу. Яно разгортвалася па строга вызначаным сцэнарыі, у якім кожны элемент дзеі меў свой адметны, магічны сэнс. Але і сёння Купалле – гэта адметныя абрадавыя дзеянні, варажба, павер’і, карагоды, песні і паданні.
Падрыхтоўка да свята пачыналася са збору траў і кветак. Сабраныя ў купальскія дні, яны лічыліся незвычайнымі і захоўваліся да наступнага года. Адным з іх прыпісваліся лекавыя ўласцівасці, другія маглі супрацьстаяць чарам, а іншыя былі прыкметамі дабрабыту ў будучыні. Пачыналася галоўная дзея ноччу з распальвання вогнішча, у сярэдзіну якога ўстаўляўся шост з драўляным абсмаленым колам і прывязаным да яго жытнёвым снопам. Не абыходзілася Купалле і без гульняў-ігрышчаў, летніх карагодаў, абрадавых песен. Безумоўна, адным з самых доўгачаканых момантаў купальскай ночы быў пошук папараць-кветкі. Нашы продкі верылі, што гэта чароўная расліна надзяляе знайшоўшага яе здольнасцямі разумець прыроду. Праўда, знайсці папараць-кветку лічылася справай няпростой.
Сёння цяжка сказаць, што ў Купалле прыцягвае больш за ўсё. Дзяўчатам, канечне, даспадобы сплятаць вянкі, хлопцам – скокі цераз вогнішча, аматарам жа відовішчаў і весялосці проста цікава далучыцца да агульнага свята.
І такая магчымасць гэтым купальскім вечарам была ва ўсіх. У Леснічоўцы было мнагалюдна, сабраліся не толькі браслаўчане, але і шмат турыстаў з іншых краін. Апошнія, дарэчы, на працягу ўсяго свята з цікавасцю назіралі за тым, што адбываецца, і казалі, што такога ніколі не бачылі.
Работнікі раённага Дома культуры выдатна падрыхтаваліся, таму цікавае тэатралізаванае прадстаўленне нікога не пакінула раўнадушным. Цыган дапамагаў Лесуну знайсці жаніхоў для трох яго дачок, а гэта аказалася не так проста, хлопцам трэба было спачатку прайсці складаныя выпрабаванні. І самыя смелыя і адважныя атрымлівалі прызы. А дзяўчатам неабходна было як мага хутчэй сплесці купальскі вянок, адарыць дзядзьку Лесуна кампліментамі. Конкурсы і гульні былі на розны густ, толькі ўдзельнічай, а самых маленькіх гледачоў запрашалі разам патанчыць пад песні ў выкананні артыстаў РДК.
А напрыканцы ўсіх прысутных аб’яднала купальскае вогнішча. Здаўна лічылася, што полымя валодае сілай, якая можа засцерагчы ад хваробы і прагнаць смерць. І нават надвор’е спрыяла добраму святочнаму настрою і цудоўнаму адпачынку. Тым больш, што, акрамя ўжо ўзгаданых момантаў свята, дзеці маглі пакатацца на атракцыёнах, а дарослыя паласавацца духмянымі шашлыкамі, смачнай выпечкай, марожаным і іншымі прысмакамі, патанцаваць на дыскатэцы ў Доме культуры.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.