“Хочаш быць шчаслівым, будзь ім”. Такі дэвіз выбрала для сябе шматдзетная сям’я Антошачкаў з Ахрэмаўцаў. Так і ідзе з ім па жыцці, прытрымліваючыся нават тады, калі ўзнікаюць непрыемнасці. А той, хто ведае гэтую вясёлую, аптымістычную, творчую сям’ю, незнарок і сам зараджаецца ад іх энергіяй і пазітывам.
Алу і Паўла звяла выпадковая сустрэча, якой магло і не быць. Брыгада майстроў, разам з якой быў і Павел, прыехала пракладваць у Ахрэмаўцы газаправод, тады маладых людзей і звёў лёс.
Раней у сям’і Алы здарылася бяда: маладая жанчына засталася ўдавой з двума малымі на руках. Як прызнаецца, тады ёй здавалася, што жыццё скончылася, больш нічога не радавала і не цікавіла. Пазнаёміўшыся з Паўлам, адчула, што зноў зможа быць шчаслівай. Некаторы час сустракаліся, а потым зразумелі, што павінны быць разам. Павел пераехаў з Гомельшчыны ў Ахрэмаўцы, пасябраваў з Дзімам і Кацяй, дзеці адразу прынялі яго.
Як прызнаюцца муж і жонка, калі ў сям’і ёсць узаемаразуменне, падтрымка і дапамога адзін аднаму, усё абавязкова атрымаецца. Гэтаму вучаць і сваіх старэйшых Дзіму, Кацю і маленькага пяцігадовага Сяргея, мабыць, таму такія і дружныя.
Сям’я Антошачкаў, як прызналіся, не любіць сядзець на месцы: вандроўкі, прагулкі на прыродзе, паходы сталі часткай іх жыцця. І ўсюды яны бяруць з сабой дзяцей, ні на хвіліну ад іх не адлучаюцца. Так, мінулым летам здзейснілі аўтавандроўку на Азоўскае мора, зараз думаюць, куды падацца сёлета.
Кожны ў сям’і Антошачкаў – творчая асоба, усе цудоўна спяваюць. Ала можа часамі расказваць пра сваю сям’ю, захапленні, і слухаць яе адно задавальненне. Сама гаспадыня ўмела вяжа, вышывае, любіць радаваць родных незвычайнымі і смачнымі стравамі, сама шые касцюмы для выступленняў Каці на сцэне. Усяму гэтаму вучыцца і дачушка. Ні адно сямейнае свята не абыходзіцца без сцэнарыя, які Ала прыдумвае сама. Цэняць такога работніка і ў дзіцячым садку, дзе яна працуе выхавальніцай.
Павел зараз працуе ў Мінску тэхнічным кіраўніком ЛНК ТАА “Экспрэс-трубапровад кантроль”. Ён выдатны разьбяр па дрэве, у вольны час любіць адправіцца з сынамі на рыбалку. Дзіма праяўляе рэжысёрскія здольнасці, іграе на баяне, абраны старшынёй школьнага самакіравання. Каця выдатна спявае, у гэтым годзе стала пераможніцай конкурсу “Маладыя галасы”, аўтар гімна браслаўскай піянерскай арганізацыі. А маленькі Сяргей любіць маляваць. Дома ў мамы Алы ніколі не ўзнікае пытанне, хто дапаможа па гаспадарцы, усе адразу бяруцца за справу. Працалюбівыя дзеці стараннасцю адрозніваюцца і ў вучобе, Дзіма і Каця робяць упэўненыя крокі, каб у будучым паступіць у Інстытут культуры.
— Шчаслівы той чалавек, які з усмешкай ідзе на работу, і з усмешкай вяртаецца дадому, – дзеліцца сваімі сакрэтамі гаспадыня Ала. – Шчасце тады ў сям’і, калі ў ёй шмат дзяцей, пануе любоў, павага, узаемавыручка і падтрымка. Мы ніколі не сварымся, пра ўсе падзеі, радасці, непрыемнасці, якія здарыліся з намі за дзень, расказваем вечарам за кубачкам гарбаты. Гэта і ёсць сакрэт нашай шчаслівай і дружнай сям’і.
Таццяна Пятушка.