Чаму ў раёне закрываюцца школы?

Калейдоскоп Новости

Працэс аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі раёна працягваецца ўжо некалькі regnum_picture_148161907163308_normalгадоў, але асабліва адчувальна ён закрануў школы сёлета. Так, назаўсёды развіталіся са сваёй «Alma Mater» вучні і выхаванцы Мількаўскага і Быстрымаўскага ДСБШ, Друйскага дзіцячага сада, адбылася рэарганізацыя Казянскага, Богінскага, Мяжанскага, Урбанскага і Іказненскага дзіцячага сада — базавай школы ў дзіцячы сад — пачатковую школу. Да Друйскай СШ і Кансталінскай БШ далучыліся дзіцячыя сады.

Сітуацыю ў сістэме адукацыі раёна «Браслаўскай звяздзе» пракаменціраваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іван Абаровіч:

— Прымаць рашэнне наконт закрыцця школы няпроста і адказна. І настаўнікі, і бацькі, і вучні ўспрымаюць гэта вельмі востра і балюча. Але трэба разумець, што працэс прадыктаваны аб’ектыўнымі прычынамі — дэмаграфічнай сітуацыяй, якая сведчыць пра скарачэнне сельскага насельніцтва, і новай сістэмай фінансавання ўстаноў адукацыі, якая будзе ўведзена ў 2018 годзе. Адсюль вынікае, што трымаць малакамплектныя школы, дзе ў класе два-тры, а то і адзін вучань, вельмі затратна. Нерацыянальна ў такія ўстановы адукацыі набываць сучаснае абсталяванне і дыдактычныя дапаможнікі. З-за малой колькасці навучэнцаў няма магчымасці арганізоўваць у старэйшых класах профільнае навучанне, адкрываць разнастайныя факультатывы і заняткі па інтарэсах, што значна зніжае якасць навучальнага працэсу.

Безумоўна, у такой сітуацыі для нас асноўнае — знайсці аптымальнае рашэнне, якое задаволіць усе бакі. Галоўнае ж — арганізаваць падвоз вучняў і працаўладкаваць педагогаў.

На сёння ў нашым аддзеле налічваецца 17 аўтобусаў, таксама выкарыстоўваюцца магчымасці АТП № 18 і сельгаспрадпрыемстваў, якія падвозяць дзяцей у бліжэйшыя школы. А ў канцы кастрычніка ў аўтапарку аддзела адукацыі, спорту і турызму з’явіцца яшчэ адзін аўтобус.

Хачу таксама дадаць, што ў класах з большай напаўняльнасцю пашыраюцца інтарэсы і магчымасці, а значыць, школьнае жыццё і вольны час тых, хто ўліўся ў новы калектыў, стане больш цікавым, насычаным і карысным. Немалаважна і тое, што вялікія школы маюць сталовыя з сучасным абсталяваннем, выдатныя спартыўныя і актавыя залы. Адным словам, умовы лепшыя, а льготы для сельскіх дзяцей застаюцца.

Наконт працаўладкавання педагогаў, зразумела, таксама былі свае цяжкасці і нюансы. Але большасці настаўнікаў мы прадаставілі працоўныя месцы. Без педработы засталіся толькі тыя, хто адмовіўся ад пераезду ў іншую мясцовасць.

Будынкі закрытых школ у наступным годзе будуць выстаўлены на аўкцыён, пакуль жа яны знаходзяцца пад наглядам ахоўнікаў.

Увогуле ж сэканомленыя ў выніку аптымізацыі сродкі ўжо ідуць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сістэмы адукацыі Браслаўшчыны.

■ Алена ПЯТУШКА.