Сустрэча з пісьменніцай-казачніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой

Калейдоскоп Люди

1На паліцах дзіцячай бібліятэкі шмат кніг сучасных беларускіх аўтараў. Асаблівае месца сярод іх адведзена маладым празаікам. Вылучаецца ж з іх імя Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — таленавітай пісьменніцы-казачніцы, члена Саюза пісьменнікаў і проста абаяльнай жанчыны. Яна часта бывае ў гасцях у школьнікаў, выхаванцаў летніх лагераў. На мінулым тыдні Кацярына завітала ў наш раён і правяла некалькі сустрэч са сваімі чытачамі ў рамках рэспубліканскай акцыі «Лета з добрай кнігай».

Спачатку пісьменніца прыйшла ў госці да вучняў СШ № 2. Юныя браслаўчане адразу прызналіся, што чыталі многія кнігі аўтара, таму з задавальненнем дзяліліся сваімі ўражаннямі і думкамі. Пазней, ужо ў дзіцячай бібліятэцы, была арганізавана сустрэча Кацярыны Хадасевіч-Лісавой з вучнямі гімназіі. Разам яны адправіліся ў вандроўку па старонках яе кніг, якія былі прадстаўлены тут жа на выстаўцы.

Як вопытны педагог, Кацярына Станіславаўна ўмела захапіла рознаўзроставую аўдыторыю з першых хвілін гутаркі. Пісьменніца жартавала, прапаноўвала разгадаць вясёлыя загадкі і расказвала пра свае творы. Таму дзеці з задавальненнем слухалі яе, цікавіліся творчым шляхам жанчыны і задавалі шмат пытанняў. Школьнікі пыталіся, як нараджаюцца творы, што натхняе іх аўтара, колькі трэба часу, каб напісаць кнігу, адкуль бяруцца ідэі для апавяданняў і што адчуваеш, калі бачыш свой твор у руках чытачоў.

З-пад пяра пісьменніцы выйшла ў свет ужо шмат казак. Усе яны на беларускай мове, і героем многіх з іх стаў хлопчык Стас, прататыпам якога выступіў сын Кацярыны. Аднак сярод розных яе выданняў вылучаецца адна кніга — «Казкі сіняй падушкі», дзе можна знайсці знаёмыя мясціны і асоб. Як прызналася аўтар, ні пра які горад нашай краіны, акрамя Браслава, яна ў сваіх творах не пісала. Натхненне з’явілася пасля вандроўкі ў 2008 годзе па Браслаўшчыне. Тады пісьменніца ўпершыню пазнаёмілася з нашым раёнам, яго прыгажосцю, славутасцямі, гісторыяй і ўлюбіла ся ў гэтыя мясціны, а вярнуўшыся дадому, адправіла туды вандраваць сваіх герояў. І вось цяпер Кацярына Станіславаўна прыехала на Браслаўшчыну ўжо з выдадзенай кнігай.

Падчас сустрэчы дзеці закранулі многія пытанні, пісьменніца начаравала ім прыемныя сны, а напрыканцы расказала цікавую гісторыю. Аказваецца, яе прадзед быў родам з вёскі Бяльмонты, магчыма, таму ёй падаюцца роднымі нашы мясціны. Атрымалася цікавае знаёмства з казачным акцэнтам.

Сама аўтар прапанавала праз кнігу «Казкі сіняй падушкі» паглядзець на гісторыю краю па-новаму. Як было бачна на сустрэчы, захапіліся новым выданнем многія. І дзеці, і пісьменніца засталіся задаволенымі. Магчыма, гэты візіт на Браслаўшчыну натхніць Кацярыну Хадасевіч-Лісавую на новыя казкі і прыгоды яе герояў.

■ Таццяна ПЯТУШКА.

Фота аўтара.