Прафесійнае майстэрства народнага ансамбля песні “На панадворку” РЦК вядома далёка за межамі нашага рэгіёну, таму не дзіўна, што самабытны калектыў запрашаюць на разнастайныя мерапрыемствы абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.
Вось і ў канцы верасня браслаўскія артысты з годнасцю прадставілі Віцебшчыну на традыцыйным восеньскім сельскагаспадарчым кірмашы выхаднога дня ў Мінску.
Як адзначыла кіраўнік калектыву Марына Шыркевіч, яны выступілі з дзвюхгадзінным канцэртам на вялікай пляцоўцы каля “Чыжоўка-арэны”. Праграма выступлення была вельмі насычанай і цікавай. У выкананні ўдзельнікаў ансамбля гучалі народныя і эстрадныя песні, якія краналі слухачоў рознага ўзросту. Многія з іх падпявалі нашым артыстам, мужчыны запрашалі прыгажунь-браслаўчанак танцаваць.
Шчыра дзякавалі патрабавальныя жыхары сталіцы нашым артыстам за іх душэўныя спевы і святочны настрой.
■ Алена ПЯТУШКА.