На мінулым тыдні ў ЦДіМ у рамках раённага этапу Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі – 2016” адкрылася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці педагогаў і работнікаў устаноў адукацыі пад дэвізам “Ствараючы — тварыць”.
— Першы раз конкурс, які арганізавала і правяла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, прайшоў у мінулым годзе, — кажа старшыня РА прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч. — І ён настолькі прыйшоўся да спадобы як гледачам, так і ўдзельнікам, што было прынята рашэнне зрабіць яго штогадовым. А паколькі ў гэтым годзе нашай арганізацыі спаўняецца 95 гадоў, то мы прысвяцілі творчае мерапрыемства гэтай значнай даце.
Падзівіцца майстэрству сваіх калег у выставачную залу завіталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч, настаўнікі гарадскіх і сельскіх устаноў адукацыі і самі майстры.
Святлана Сімановіч пазнаёміла прысутных з цудоўнымі экспанатамі выставы, з цеплынёй расказала пра кожнага майстра.
Прадстаўленыя на выставе вырабы выкананыя ў розных мастацкіх тэхніках: вышыванкі, кампазіцыі з паперы і бісеру, карціны і кветкі з атласных стужак, карункавыя рэчы, дэкаратыўныя бутэлькі. Трэба адзначыць, што кожная работа па-свойму ўнікальная, бо ў ёй — душа і фантазія майстра.
Здавалася б, увага педагогаў кожны дзень накіравана на адукацыйны і выхаваўчы працэс. Аднак за гэтымі клопатамі крэатыўныя настаўнікі знаходзяць час, каб акунуцца ў акіян творчасці і сваім рукадзеллем прыносіць людзям радасць.
Як адзначыла С. Сімановіч, тры лепшыя кампазіцыі будуць адабраны для ўдзелу ў абласным этапе республіканскага конкурсу.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.