Па тэлебачанні часта можна назіраць як у дні гулянняў розныя народы арганізоўваюць незвычайныя гонкі на экзатычных сродках перасоўвання. У такія моманты асабіста ў мяне ўзнікала думка: а чаму гэта ў час масавых мерапрыемстваў нашы арганізатары не наладзяць гонак на плаўсродках, зробленых з падручных матэрыялаў, умовы для гэтага ў нас ёсць.
І вось гэты прабел запоўнілі супрацоўнікі райкама БРСМ, якія ў нядзелю на свяце Нептуна і арганізавалі такое спаборніцтва, а дапамаглі ім у гэтым ІП Іван Шакель і Сяргей Садоўскі. Удзел у ім прынялі каманды з Браслаўскага філіялА Глубоцкага МКК “Пунсовыя ветразі”, ДП “Браслаў-камунальнік” “Арыгамі”, УАЗ “Слабодкаўская псіханеўралагічная бальніца” “Шуршунчыкі” і Браслаўскага філіялу Полацкага аддзялення БеларусбанкА.
Трэба сказаць, што ўдзельнікі прыклалі нямала фантазіі на выраб сваіх плаўсродкаў. Для плывучасці выкарыстоўвалі аўтамабільныя камеры, пластыкавыя каністры, мяшкі, напоўненыя пластыкавымі бутэлькамі.
На першым этапе каманды спаборнічалі ў гонцы на хуткасць, на другім — праплывалі між буйкамі “змейкай”, на апошнім — танцавалі ў вадзе.
Па суме набраных балаў першае месца заняла каманда “Пунсовыя ветразі”, другое “Шуршунчыкі” (трэцяе не прысуджалася). У намінацыі “Экалагічны плаўсродак” прыз атрымала каманда “Арыгамі”, “Крэатыўны” — “Пунсовыя ветразі”, “Непатапляльны” — каманда “Беларусбанка”, прыз глядацкіх сімпатый атрымалі “Шуршунчыкі”.
Пазней арганізатары запрасілі гледачоў паўдзельнічаць у “мокрых” гульнях. У іх прынялі ўдзел пары з малаказавода, РАУС, “Маяка Браслаўскага” і госці нашага горада. У гэтай гульні хлопцы і дзяўчаты пераадольвалі “паласу перашкод” на водных атракцыёнах, удзельнічалі ў пляжнай эстафеце і меткасці, кідаючы тэнісныя шарыкі, хлопцы яшчэ і мераліся сілай на надзіманых матрацах.
У гульні перамаглі Марына Анецька і Мікалай Поклад з малаказавода, другімі была пара “Пінгвінчыкі” (госці), трэцімі — пара з РАУС.
Паралельна з гонкамі і гульнямі дзеці мелі магчымасць пакатацца вярхом на конях, працавалі водныя атракцыёны.
Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.