Выдатніца, актывістка, удзельніца мастацкай самадзейнасці і проста вясёлая дзяўчынка, якая слухае класіку і любіць беларускую паэзію — гэта 10-класніца СШ№2 Кацярына Іоч. Яна чымсьці падобная на камп’ютарны смайлік — такая ж сонечная, усмешлівая, заўсёды пазітыўная і з іскрынкай цікавасці ў вачах да ўсяго, за што бярэцца.
А спраў, як і захапленняў, у яе шмат. Аднак яна паспявае ўсюды і без заняткаў не любіць сядзець. Безумоўна, вучоба ў Кацярыны на першым месцы. Па вучэбных прадметах толькі вышэйшыя адзнакі, а 9 клас яна скончыла з сярэднім балам 9,2. Не выпадкова, што яе фатаграфія — на Дошцы гонару. І хоць яна выдатніца, усё ж любімыя прадметы дзяўчыны — руская мова і матэматыка. Менавіта яны спатрэбяцца Кацярыне падчас паступлення. Дарэчы, з будучай прафесіяй настаўніка малодшых класаў дзяўчына вызначылася даўно і зараз мэтанакіравана ідзе да сваёй мары. Прыкладам жа для яе з’яўляецца яе першая настаўніца. Дзяўчына і зараз забягае да яе на перапынках ці пасля урокаў і праводзіць розныя забаўляльныя мерапрыемствы з дзецьмі.
У школе Кацярыну ведаюць усе. І не выпадкова, бо яна з’яўляецца старшынёй школьнай піянерскай арганізацыі, а малодшыя школьнікі раёна ведаюць яе як намесніка старшыні ўжо раённай пярвічкі. Менавіта з уступленнем у рады піянераў і пачалося актыўнае жыццё дзяўчыны. Тагачасны кіраўнік раённай піянерыі Дзіяна Тарун заўважыла арганізатарскія здольнасці дзяўчыны і стала ўключаць яе ў жыццё пярвічкі, вучыла быць заўсёды актыўнай ва ўсім.
З таго часу Кацярына — вядучая розных школьных і раённых мерапрыемстваў. Аднак не толькі ў гэтай якасці яе можна ўбачыць на сцэне. Дзяўчына таксама выступае ў якасці салісткі і ўдзельніцы вакальнай групы школы. Бывае, што на тыдні ёй некалькі разоў даводзіцца выступаць на розных мерапрыемствах. Спяваць жа яна любіць розныя песні, а вось слухаць больш за ўсё — класічныя творы. Любоў да іх паявілася яшчэ з музычнай школы, якую Кацярына скончыла сёлета па класе баяна.
Хоць Кацярына яшчэ школьніца, але ў яе ўжо шмат перамог, якімі яна ганарыцца. Гэта першае месца ў раённым і трэцяе ў абласным конкурсе юных экскурсаводаў “Мая малая Радзіма”, першае месца ў раённай навукова-практычнай канферэнцыі па беларускай мове, таксама яна стала лаўрэатам рэспубліканскага гістарычнага конкурсу “Сцяжынкі мінулага і сучаснага”. І гэта перамогі толькі за апошні год. Невыпадкова, што сёлета яна была ў ліку тых, каго ўшаноўвалі на раённым “Сузор’і талентаў Браслаўшчыны”.
Нават летам дзяўчына не сядзіць без справы. Сёлета яна дзве змены правяла ў лагеры “Зубраня”. Дарэчы, сюды яна ездзіць з 2012 года. Першы раз трапіла ў складзе чарговай змены, зарэкамендавала сябе як актыўная ўдзельніца розных конкурсаў і мерапрыемстваў, а другі раз — як уладальніца 3 месца ў абласным конкурсе па гісторыі “Мясціны майго дзяцінства”. У мінулым годзе яна паспрабавала сябе ў якасці валанцёра, які дапамагае педагогам ладзіць забаўляльныя мерапрыемствы з малодшымі групамі лагера.
Калі Кацярыну запрасілі ў якасці валанцёра гэтым летам у “Зубраня”, яна нават не задумвалася, а адразу пачала збірацца.
— Атрад валанцёраў, а гэта 50 чалавек з розных куткоў краіны, у тым ліку і я, хадзілі з нашымі падапечнымі ў паходы, ладзілі сустрэчы каля вогнішча і цікавыя мерапрыемствы, чыталі разам кнігі і многае іншае, — расказвае Кацярына. — Такім чынам, я знайшла шмат сяброў, якія такія ж лідары, як і я. А яшчэ мяне запрасілі валанцёрам у “Зубраня” на наступны год.
— Каб дасягнуць сваёй мэты, трэба выкладвацца напоўніцу, не кідаць распачатага і працаваць, працаваць, працаваць, — акрэслівае сваё жыццёвае крэда Кацярына. — Нельга спадзявацца толькі на магчымасці, дадзеныя прыродай.
Увогуле ж дзяўчына ўмее рацыянальна выкарыстоўваць свой час, таму яго хапае на вучобу, адпачынак, грамадскія справы. Натхненне яна шукае ў вершах беларускіх класікаў, якія так любіць перачытваць, а сваім любімым творам лічыць “Раманс” М. Багдановіча.
Таццяна Пятушка.