Кубак заваявалі расіяне

Главное

98790200Звычайна стадыён становіцца пляцоўкай для спартыўных баталій. Але раз у год ён ператвараецца ў месца, дзе можна пачуць звонкае гаўканне, убачыць, як хвалююцца перад выступленнем сваіх гадаванцаў іх гаспадары, ці проста паназіраць за такімі вясёлымі і дружалюбнымі чатырохногімі сябрамі. Усё гэта — рэгіянальная выстаўка сабак усіх парод “Кубак Браслава — 2015”.
Сёлета Браслаў у чарговы раз гасцінна прымаў прафесіяналаў гэтай сферы, заводчыкаў і іх гадаванцаў. Традыцыйна такое мерапрыемства праходзіць пад эгідай беларускага кіналагічнага аб’яднання “Альба Рос”. Трэба зазначыць, што з кожным годам выстаўка становіцца ўсё больш папулярнай сярод гледачоў, палюбілася яна і ўдзельнікам. Таму яны з задавальненнем з розных куткоў Беларусі і бліжняга замежжа імкнуцца менавіта ў Браслаў. Я ж пацікавілася ва ўдзельнікаў з Латвіі і Расіі, як ім падабаецца выстаўка. І яны амаль аднагалосна адзначалі, што з кожным годам узровень арганізацыі “Кубка Браслава” расце.
Падчас мерапрыемства давялося пагутарыць і са старшынёй БКА “Альба Рос” Святланай Радзюк:
— Прыемна, што “Кубак Браслава” становіцца ўсё больш запатрабаваным мерапрыемствам. Заводчыкі ўжо ў пачатку года цікавяцца тым, якія мы будзем ладзіць выстаўкі. І калі чуюць пра Браслаў, адразу гавораць, што будуць падаваць заяўкі на ўдзел. Што датычыцца арганізацыі, то яна на вышэйшым узроўні. І гэта дзякуючы актыўнай рабоце нашага рэгіянальнага прадстаўніка Валянціны Ермалёнак і кіраўніцтва раёна. Мы ўдзячны ім за тое, што змаглі правесці такое мерапрыемства і падарыць гледачам сапраўднае свята.
Для браслаўчан і гасцей горада выстаўка стала сапраўдным шоу. Дзе яшчэ можна ўбачыць столькі маленькіх і вялікіх, лахматых і гладкашэрсных сабак? Бадай, толькі на выстаўках у сталіцы. Безумоўна, больш за іншых усё, што адбывалася на стадыёне, цікавіла дзяцей. Яны так і імкнуліся пагладзіць, а часам і ўзяць на рукі якога-небудзь прыгажуна, распытвалі пра яго пароду і ўмовы ўтрымання, а потым фатаграфаваліся ці рабілі папулярнае зараз сэлфі.
Пакуль адны гаспадары і іх чатырохногія сябры выступалі на рынгах, другія толькі рыхтаваліся: трэніраваліся, прыхарошваліся ці проста адпачывалі ў цяньку. Гледачы ж з задавальненнем назіралі за гэтым, падоўгу стаялі каля рынгаў і рабілі свае меркаванні адносна таго, хто ж атрымае запаветны кубак і тытул пераможцы.
За іх у гэтым годзе прыехалі пазмагацца больш за 150 удзельнікаў з Беларусі (самыя вялікія дэлегацыі былі з Віцебска і Наваполацка), Польшчы, Расіі і Прыбалтыкі. Увогуле ж з кожным годам геаграфія ўдзельнікаў пашыраецца, у Браслаў прывозяць прадстаўнікоў самых розных, у тым ліку рэдкіх для нашай краіны парод. Сёлета іх было больш за 54. Таксама, акрамя галоўнага прыза, пераможцы павінны былі вызначыцца і ў рэспубліканскіх выстаўках французскіх бульдогаў, мопсаў і ёркшырскіх тэр’ераў. А вызначалі пераможцаў лепшыя беларускія суддзі.
Гледачам падзівіцца было на што. Кожная сабака павінна была прабегчыся з гаспадаром па крузе і паказаць сябе ў руху. Далей журы правярала правільны прыкус, ці на месцы зубы. А апошнім выпрабаваннем станавілася стойка, па якой магчыма было вызначыць склад чатырохногага гадаванца. У кожнага з іх свой характар, таму адны паслухмяна выконвалі ўсе каманды гаспадароў, а другія крыху капрызнічалі. Але ж і яны пасля добрага слова і ласунка станавіліся больш спакойнымі.
Не прапусцілі такую падзею і браслаўскія заводчыкі. Заяўку на ўдзел падала сям’я Каліставых з в. Абаб’е. Для іх 11-месячнага ньюфаўндленда гэта дэбют, але журы адзначыла, што ў яго ў будучым ёсць усе шансы на перамогу.
У выніку “Кубак Браслава — 2015” адправіўся ў Расію. Лепшым сабакам выстаўкі стаў неаднаразовы ўдзельнік розных конкурсаў пароды ёркшырскі тэр’ер. У намінацыях “Бэбі” пераможцам стаў рызэншнаўцэр з Мінска, “Шчанюкі” — сабака пароды акіта з Мінска, “Юніёры” — мексіканская голая з Латвіі.
Добрыя ўражанні засталіся і ў гледачоў, і ва ўдзельнікаў. А бадай самым папулярным пытаннем у дзяцей стала: “Тата, ты купіш мне такую сабаку?”.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.выставка собак выставка собакк