Прыклад аптымізму і адказнасці

Люди

440Напрыканцы ліпеня юбілей адзначыў былы супрацоўнік РАУС, чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, майстар на ўсе рукі, проста цікавы суразмоўца Тадэвуш Шакур з Відзаў. У дзень нараджэння ён пачуў шмат цёплых слоў ад родных, знаёмых, былых калег, удзячных жыхароў. Напярэдадні свята сустрэцца з ім давялося і мне.
Сціплы па натуры, Тадэвуш Канстанцінавіч не любіць хваліцца сваімі працоўнымі дасягненнямі, кажа, што ацаніць іх могуць толькі людзі. Мне ж здаецца, многія з іх павінны з удзячнасцю ўспамінаць былога міліцыянера, бо за час службы ў праваахоўных органах пад яго кіраўніцтвам было раскрыта не адно злачынства.
Родам Тадэвуш Шакур з вёскі Рэуты, якую зараз на карце нашага раёна наўрад ці знойдзеш. Яшчэ ў школе ў рукі трапіла газета, дзе запрашалі вучыцца ў мараходную школу. Мары пра мора захапілі хлопца настолькі, што ён з невялікай вёсачкі на Браслаўшчыне адправіўся вучыцца ў далёкі Калінінград — стаў навучэнцам Калінінградскага вышэйшага інжынернага марскога вучылішча. Падчас практыкі хадзіў па марах, пабываў на Кубе, у Афрыцы, Канадзе, перасякаў Суэцкі канал, нават на знакамітым “Крузенштэрне” давялося плаваць. Пазней застаўся працаваць у Рызе, але аднойчы прыехаў у водпуск у родныя мясціны, пазнаёміўся з маладой настаўніцай і закахаўся… Пэўны час разрываўся паміж работай у Рызе і сям’ёй, якая засталася ў Беларусі. Але 80-ыя гады ўнеслі свае карэктывы ў лёс Тадэвуша Канстанцінавіча, і ён вярнуўся ў родныя мясціны.
Хутка разам з сям’ёй Тадэвуш Шакур пераехаў у Відзы, дзе яму прапанавалі пасаду ўчастковага па гэтай акрузе.
— Пачынаць на новым месцы ды яшчэ не ў самай спакойнай зоне было складана, — успамінае мой суразмоўца. — Але паступова пазнаёміўся з мясцовымі жыхарамі, спецыфікай работы. Кожны дзень, калі вяртаўся дадому, абавязкова заходзіў у ненадзейныя сем’і, да сямейных гвалтаўнікоў, аматараў выпіць, таксама па дарозе гутарыў з людзьмі, даведваўся пра сітуацыю ў населеным пункце. Калі трэба было, і ноччу падымаўся і тут жа адпраўляўся на выклік. Але больш за ўсё змагаўся з п’янствам, магчыма, таму паступова на маім участку зніжаўся ўзровень злачыннасці.
Больш за 10 гадоў адпрацаваў Тадэвуш Канстанцінавіч на пасадзе ўчастковага, а ў 1995 годзе ініцыятыўнаму і адказнаму міліцыянеру прапанавалі ўзначаліць Відзаўскае аддзяленне міліцыі, якое абслугоўвала на той час населеныя пункты Відзаўскага і Далёкаўскага сельсаветаў. У падначаленні яго былі 12 чалавек, работу якіх трэба было каардынаваць. Даводзілася і крымінальныя справы раскрываць, шмат  крадзяжоў, забойстваў. Былі і складаныя здарэнні, раскрыць якія не так і лёгка.
— У Відзаўскіх мясцінах завялася ўзброеная банда, якая перыядычна наведвалася ў Літву і рабавала мясцовых жыхароў, — успамінае Т. Шакур. — Затрымаць яе ніяк не маглі. Аднойчы банда абрабавала мясцовага жыхара, той расказаў міліцыі, што ў яго знікла з дому. А праз некалькі дзён такія ж рэчы былі заўважаны ў адным з дамоў. Так і ўдалося схапіць зламыснікаў.
Калектыў, які ўзначальваў Тадэвуш Шакур, быў зладжаны, працавіты. Яго падначаленыя і зараз з удзячнасцю ўспамінаюць свайго начальніка.
Пасля таго, як у 2003 годзе аддзяленне расфарміравалі, мужчына яшчэ каля 2 гадоў працаваў старшым участковым, а потым пайшоў на заслужаны адпачынак. Але і на пенсіі ён не стаў сядзець без справы: спачатку працаваў выкладчыкам у каледжы, а потым перайшоў аператарам на сушылку ў ААТ “Агравідзы”.
Дзе б ён ні працаваў, любую справу выконвае толькі на выдатна, за што яго паважаюць і калегі, і кіраўніцтва. А яшчэ Тадэвуш Канстанцінавіч добры сем’янін, разам з жонкай яны амаль 40 гадоў, выгадавалі дзвюх дачок. Таксама ён  выдатны гаспадар. На панадворку ў яго ідэальны парадак, тут можна ўбачыць альтанку, фантан, прыгожыя кветнікі, арэлі. І ўсё гэта зроблена ўмелымі рукамі Тадэвуша Канстанцінавіча. Дарэчы, уменне працаваць з дрэвам яму перадалося ад бацькі, які быў добрым цесляром.
Каля двух гадоў таму назад у інтэрнэце гаспадар прачытаў, як зрабіць домік з трыснягу. Зімой насіў з возера вялікія вязанкі, а вясной узяўся за працу. Так з’явілася любімае месца адпачынку ўсёй сям’і і гасцей, у якім нават этнакуток зроблены.
Акрамя работы з дрэвам, мужчына займаецца пчалярствам, у яго вялікі сад і агарод, і, як і большасць браслаўчан, ён не ўяўляе свайго жыцця без рыбалкі.
Тадэвуш Канстанцінавіч не любіць сядзець без справы, заўсёды знойдзе занятак па душы, таму для родных, знаёмых, былых калег і вяскоўцаў ён сапраўдны прыклад жыццялюбства, аптымізму і адказнасці.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.