“Матка, масла, яйкі, сала,” — менавіта такія словы з моцным нямецкім акцэнтам скаланулі спакойнае жыццё дружнай сям’і Гедзюн з хутара каля вёскі Жвірына (былыя вёска Мяжанскага сельсавета). Васьмігадовая Ванда і яе малодшы брат спалохана назіралі, як чужыя злыя дзядзькі нахабна шнырылі па хаце і хляве, лавілі на панадворку курэй і немудрагелістыя запасы сялянскай сям’і пераносілі ў свае машыны. І крый божа, калі што-небудзь прыхаваць — знойдуць, адбяруць, у лепшым выпадку моцна паб’юць, а то і расстраляць могуць.
Так пачалося для беларускай сям’і ваеннае непрадказальнае жыццё на акупіраванай фашыстамі роднай зямлі. Кожны дзень у чаканні няпрошаных “гасцей” і жудасных наступстваў.
Аднойчы восеньскім днём на панадворак хаты заехала нямецкая машына. Дабра ад гэтага візіту ніхто не чакаў. Дарослыя і дзеці насцярожана назіралі, як два немцы выкінулі на зямлю непрытомнага чалавека, а затым за рукі пацягнулі яго ў хату.
Трэба яго выхадзіць і паставіць на ногі, — прагучаў загад.
Такія “кватаранты” з’явіліся і ў суседзяў. Гэта былі знясіленыя палонныя. Гаспадарам было загадана вылечыць іх і адкарміць. Так немцы клапаціліся пра сваю рабочую сілу. А затым іх зноў адпраўлялі на цяжкую працу, здзекі, пакуты, смерць.
Доўга клапатліва выходжвала сям’я свайго выпадковага пастаяльца.
Першыя дні ён і размаўляць не мог, — кажа Ванда Юльянаўна, — нават есці баяўся, бо не памятаў, калі ў роце хоць бы крошка якая была.
Паціху, дзякуючы добразычлівасці і шчырым намаганням беларускай сям’і, Віктар акрыяў, да яго вярнулася жаданне жыць. І ўжо ахвотна бавіўся з гаспадарскімі дзецьмі, якія з задавальненнем хадзілі за ім.
Ці то немцы забыліся пра свайго палоннага, ці то па якой іншая прычыне, але хлопца так ніхто і не забраў. За гэты час ураджэнец Арлоўскай вобласці стаў родным для беларускай сям’і.
Мы яго так і называлі — “наш Віктар”, — праз слёзы ўзгадвае жанчына.
Не ў рускім характары “адседжвацца на печы”, калі па роднай зямлі шпацыруюць варожыя боты. Малады чалавек наладзіў сувязь з партызанамі і перабраўся да народных мсціўцаў.
Але не парвалася сувязь паміж ужо блізкімі людзьмі: пры кожным зручным моманце Віктар, як правіла, з некалькімі таварышамі наведваўся ў госці. У хаце сям’і Гедзюн ім заўсёды былі рады, тут байцоў чакала вячэра і душэўная цеплыня гаспадароў. Ды і з пустымі рукамі ніколі не адпускалі.
Несумненна, такія сустрэчы маглі скончыцца для сям’і расстрэлам. Нярэдка здаралася, што познім вечарам у хатах прымалі народных мсціўцаў, а раніцай з крыкамі і пагрозамі немцы абшарвалі кожны закуток у пошуках “бандытаў”.
Аднак нянавісць да ворага пераважвала за жах перад смерцю. Таму ва ўмоўлены вечар у хаце зноў употай рыхтаваліся да радаснай, але небяспечнай сустрэчы.
Вясной немцы сагналі ўсіх жыхароў бліжэйшых вёсак з хатняй жывёлай і пагналі людзей вялікім абозам у напрамку Турмантаса да чыгункі. Наперадзе чакаў палон.
Пад покрывам ночы сям’я Ванды Юльянаўны рызыкнула ўцячы — і ўдалося. Схаваліся ў лесе. Тут іх застаў фронт. Два тыдні побач рваліся снарады, мясцовасць пераходзіла ад нашых да немцаў.
— Адзін дзень чулі сярдзітыя нямецкія загады, — расказвае Ванда Жаўнерка (па прозвішчы мужа), — другі — радасны вокліч ура.
А калі Чырвоная Армія вызваліла гэтую мясцовасць, сям’я накіравалася дадому. Жудасная карціна паўстала перад вачамі: паабапал дарогі ляжалі забітыя салдаты, вакол дыміліся хаты, а ўзрытая снарадамі зямля, здавалася, плакала крывавымі слязамі.
З палёгкай уздыхнулі гаротнікі, калі ўбачылі сваю хату непашкоджанай. Ёсць дзе жыць — і гэта галоўнае. А калі на другі дзень жывым і здаровым завітаў Віктар — радасці не было межаў.
Пасля вайны Віктар ажаніўся і некаторы час жыў у Літве. Але ж яго моцна цягнула на радзіму, куды ён і паехаў. На жаль, сувязь былога рускага палоннага і беларускай сям’і перарвалася. Аднак і цяпер Ванда Юльянаўна, успамінаючы гэтага чалавека, з пяшчотай гаворыць “наш Віктар”.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.