Гульня не для слабых духам

Люди

IMG_7203 (Medium)Нягледзячы на юнацкі ўзрост, імя вучня 9 класа гімназіі Максіма Мацкевіча добра вядома сярод шахматыстаў рознага ўзроўню і пакаленняў, ды і далёка за межамі нашага раёна. Пралічыць складаныя хады, вырашыць заблытаную шахматную камбінацыю для хлопца не складае вялікіх цяжкасцей, пра што сведчаць яго шматлікія кубкі і дыпломы пераможцы разнастайных турніраў.
Усяго чатыры гады было хлопчыку, калі бацька адчыніў яму дзверы ў цікавую і загадкавую Шахматную краіну. З таго часу Максім упэўнена крочыць па яе чорна-белых дарожках і з вялікім задавальненнем удасканальвае свае веды па правілах і законах гэтай краіны. Несумненна, значная заслуга ў гэтым і яго бацькоў — інтэлектуальных, неардынарных людзей.
Дзмітрый Генадзьевіч, выдатны матэматык гімназіі, адзіны ў раёне мае званне педагога-метадыста, разам са сваёй жонкай і калегай Святланай Сямёнаўнай арганізуе і праводзіць інтэлектуальныя гульні сярод вучняў і моладзі Браслаўшчыны, уваходзіць у склад футбольнай каманды раёна. А Святлана Мацкевіч яшчэ і чэмпіёнка Беларусі па лёгкай атлетыцы. Таму, як адзначыла маці шахматыста, спартыўны дух — гэта традыцыйная рыса характару ўсіх членаў іх дружнай сям’і.
У дзіцячым садку Максім наведваў шахматны гурток пад кіраўніцтвам аматара гэтай старажытнай гульні Уладзіміра Аляксеева, а з першага класа і па сённяшні дзень па шахматнай краіне хлопца вядзе Мікалай Юла.
Ды і дома нярэдка разгортваюцца сур’ёзныя шахматныя баталіі, у якіх удзельнічаюць не толькі бацькі і сам Максім, а запрашаюцца родныя і блізкія сям’і.
Свае ўражанні ад першага сур’ёзнага спаборніцтва — першынства Віцебскай вобласці па шахматах па месцажыхарстве — на той час шасцігадовы ўдзельнік не запомніў. І хоць прызавое месца хлопцу не дасталася, баявое хрышчэнне ён прайшоў удала.
А ўжо на другім турніры такога ж узроўню, які праходзіў праз год у Оршы, Максім падняўся на першую прыступку шахматнага п’едэстала.
З кожным годам узрастала майстэрства юнага шахматыста, пашыралася геаграфія і павышаўся ўзровень турніраў, у якіх ён удзельнічаў. І заўсёды побач быў дарагі чалавек, шчыры дарадца і верны паплечнік — маці. Часцей за ўласныя сродкі, а таксама пры дапамозе і падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму, за што бацькі вельмі ўдзячны яго начальніку Івану Абаровічу, Максім у суправаджэнні Святланы Сямёнаўны выпраўляўся пакараць новыя шахматныя вяршыні.
А пакуль ішлі спаборніцтвы, маці з хваляваннем чакала за дзвярама вынікаў разыграных партый, бо ў залу бацькоў не пускаюць.
— Спачатку брала з сабой якую-небудзь кнігу, — кажа С. Мацкевіч, — але яе змест не даходзіў да свядомасці, таму зараз проста хаджу па горадзе — так лягчэй.
А чакаць даводзіцца вельмі доўга. Так, адна партыя з удзелам Максіма падчас першынства Беларусі ў Мінску ў мінулым годзе доўжылася 4 гадзіны 45 мінут.
Але найбольш значным вынікам для сябе хлопец лічыць другое месца ў міжнародных спаборніцтвах па шахматах, якія праходзілі ў Даўгаўпілсе ў 2010 годзе.
У скарбонцы Максіма шмат перамог, у памяці мноства цікавых партый, а ў сэрцы — разнастайных уражанняў. А каб усё гэта з цягам часу не забылася, маці вядзе “Гісторыю шахматных турніраў Максіма Мацкевіча”, дзе змешчаны фотаздымкі і каментарыі партый і спаборніцтваў.
Высокі ўзровень майстэрства хлопца пацвярджае і той факт, што Максім можа іграць у шахматы, нягледзячы на дошку і фігуры.
Шахматы — гэта асаблівы свет, які патрабуе ад іграка вытрымкі, увагі, валодання сабой, у той жа час смеласці і гатоўнасці пайсці на рызыку. І сапраўды, колькі трэба пралічыць хадоў як сваіх, так і саперніка, прарашаць розныя камбінацыі і выбраць тую тактыку, што прывядзе да перамогі. Нездарма шахматысты — асаблівыя людзі з добра развітым лагічным мышленнем, выдатныя матэматыкі і стратэгі. Дарэчы, Максім таксама ў цесным сяброўстве з царыцай навук — матэматыкай. З трэцяга класа ён з’яўляецца пераможцам раённай алімпіяды па гэтым прадмеце, штогод з 2008 года займае першыя месцы і ў абласной.
Аднак пры ўсіх сваіх рэгаліях, схільнасці да разважлівасці і сур’ёзнасці Максім прыемны і цікавы субяседнік, разумее гумар, актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах гімназіі, спрабуе складаць камп’ютарныя праграмы.
І хоць шахматы не сталі прыярытэтам у жыцці Максіма, але ж, несумненна, гэта карысная школа для загартоўкі характару, бо гэта гульня — не для людзей слабых духам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.