Як вядома, войны не заканчваюцца тым момантам, калі змаўкае зброя. Яны працягваюцца ў душах тых, хто быў іх удзельнікам. Вялікая Айчынная вайна пакінула глыбокія раны на сэрцах людзей, якія яшчэ доўга будуць нагадваць пра сябе.
Калектыў Віцебскай мытні не забывае пра герояў той вайны: інспектары штогод прыкладаюць нямала намаганняў, каб зберагчы і добраўпарадкаваць помнікі вайны, магілы невядомых салдат, аказаць пасільную дапамогу ветэранам. Вось і ў гэтым годзе ў нашай арганізацыі аб’яўлена акцыя “Дапамажы ветэрану на сваёй вуліцы!”
У Віцебску на вуліцы Лазо побач з будынкам мытні жыве чалавек, які перанёс усе выпрабаванні ліхалецця і вярнуўся дамоў героем — Быстроў Аляксей Аляксеевіч. Ён і яго жонка Ганна жанаты ўжо больш за 60 гадоў.
У студзені 1942 года малады хлопец Аляксей Быстроў быў прызваны ў Чырвоную Армію. З гэтага моманту і пачаўся яго доўгі шлях да мірнага жыцця. Пасля шасці месяцаў навучання яго, як і яшчэ 2 тысячы байцоў у складзе стралковай дывізіі, пераправілі на Курскую дугу. У тых працяглых і кровапралітных баях маладому салдату пашчасціла выжыць. Больш за тое, за праяўлены гераізм А. Быстроў быў узнагароджаны медалём “За адвагу”.
Лёс аберагаў Аляксея. У баях за Карпаты ён выконваў абавязкі сувязнога, дзе, нягледзячы на інтэнсіўныя варожыя абстрэлы, паспяхова дастаўляў ваенныя даручэнні. За паспяховае выкананне загадаў герой атрымаў другі медаль “За адвагу”.
Час ішоў. Яшчэ шмат выпрабаванняў выпала на лёс Аляксея Быстрова. Яго неаднаразова перакідвалі ў розныя падраздзяленні Чырвонай Арміі. Аднойчы яго мінамётны батальён накіравалі ў тыл для злучэння з партызанскім атрадам і прыкрыцця адступлення асноўных войскаў. Мінамётная батарэя тады патрапіла пад масіраваную варожую паветраную атаку. Ад аднаго з выбухаў сцяна траншэі, у якой абараняліся салдаты, абвалілася. Аляксея імгненна засыпала зямлёй… Праз некалькі гадзін на дапамогу ўжо не існуючаму батальёну прыйшло падмацаванне, аднак яно ўбачыла толькі разбураныя пазіцыі. Адкопваючы сваіх таварышаў, салдаты знайшлі яшчэ жывога Аляксея Аляксеевіча, які цудам уцалеў амаль пад метровым слоем зямлі і пяску.
У сакавіку 1945 года Аляксея Быстрова накіравалі вучыцца ў танкавае вучылішча, а яшчэ праз пэўны час ён сустрэў сваю будучую жонку Ганну, з якой ідзе побач па жыцці і да цяперашняга часу.
Сёлета Аляксею Аляксеевічу споўнілася 90 гадоў. Павіншаваць яго з юбілеем прыйшлі маладыя супрацоўнікі Віцебскай мытні — члены БРСМ. Цікавая размова ветэрана і моладзі замацавала і працягнула выдатныя сяброўскія зносіны паміж пакаленнямі.
Калектыў Віцебскай мытні выказвае шчырую ўдзячнасць усім ветэранам за нашу свабодную будучыню. За тое, што дзякуючы героям, такім як Аляксей Быстроў, кожны з нас мае магчымасць жыць пад ясным і мірным небам.
Акцыя працягваецца, і наперадзе ў нашых супрацоўнікаў яшчэ многа цікавых і карысных сустрэч з ветэранамі. Яны пройдуць у месцах знаходжання мытных пастоў ва ўсёй зоне дзейнасці Віцебскай мытні: у Верхнядзвінску, Браславе, Оршы і Наваполацку.
Наталля Ільясава,
інспектар Віцебскай мытні.