Свята вясны і прыгажосці

Главное

Гісторыя святкавання Дня жанчын адыходзіць далёка ў мінулае. У 1910 годзе з прапановай зацвердзіць Дзень салідарнасці жанчын усяго свету выступіла Клара Цэткін – вядомая камуністка і рэфарматар. Першыя два гады свята адзначалася ў розныя дні сакавіка, а з 1914 г. – менавіта восьмага.
Цяпер свята страціла сваю першапачатковую палітычную афарбоўку і ператварылася ў кветкавы дзень ушанавання цудоўных дам.
Напярэдадні Дня жанчын я пацікавілася ў браслаўчанак, што значыць для іх свята, які падарунак самы жаданы.

OLYMPUS DIGITAL CAMERAНіна Пучынская, старшыня райсавета, старшыня раённай арганізацыі “Саюз жанчын”:

— Дзень жанчын – гэта свята абуджэння прыроды ад зімовага сну, свята вясны і кахання. Для мяне ў асабістым плане з дзяцінства яно асацыіруецца з мамай. Памятаю, як рыхтавала ёй падарункі, старалася парадаваць добрымі паводзінамі, а затым абавязкова пабыць разам у гэты святочны дзень. Цяпер, калі мамы не стала, 8 сакавіка аддаецца шчымлівым болем у сэрцы. Праўда сама мама і бабуля. І мяне родныя людзі не пакідаюць без увагі.

Хочацца пажадаць усім браслаўчанкам любіць і быць любімымі, атрымаць у падарунак тое, пра што марылі, вясны ў душы.


IMG_845922 (Small)Ірына Мацук, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі, старшыня раённай арганізацыі “Фонд міру”:

— Мне, як і любой іншай жанчыне, прыемна, што па жыцці суправаджаюць тры любімыя мужчыны – муж і два сыны. Яны мяне заўсёды падтрымліваюць і разумеюць, а гэта самы лепшы падарунак кожны дзень, а не толькі 8 сакавіка.

Як старшыня раённай арганізацыі Фонду міру, скажу толькі адно, што паняцці жанчына і мір – непадзельныя. Няхай заўсёды над намі будзе сонечнае мірнае неба.

Дзень жанчын – гэта першыя крокі вясны, сонейка, чаканне прыгожага. Хочацца, каб жанчыны Браслаўшчыны ў гэты дзень адчулі сябе асабліва шчаслівымі, атрымалі задавальненне ад пацалункаў, прыемных усмешак і віншаванняў.


IMG_8454 (Small)Валянціна Бакуновіч, прыёмная маці:

— Дзень жанчын у мяне асацыіруецца, напэўна, як і ў кожнай маці, з дамашнімі клопатамі, прыгатаваннем святочнага стала, абавязкова ўласнай выпечкай. І памочніцай у мяне ва ўсіх справах пяць гадоў таму назад стала пляменніца Алена. Свае дзеці выраслі, а цяпер нашу з мужам душу радуе гэтая дзевяцігадовая дзяўчынка. З ёй мы 8 сакавіка пячом торт, гатуем розныя стравы. Яна мяне заўсёды віншуе са святам работамі, якія рыхтуе сваімі рукамі. Вельмі прыемна. Такія падарункі грэюць сэрца. Андрэй і Людміла са сваімі сем’ямі тэлефануюць і шлюць свае віншаванні мне і Леначцы. Такая ўвага даражэй за любыя брыльянты, іншыя матэрыяльныя каштоўнасці.


IMG_8450 (Small)Алена Угарэнка, былы малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў, сакратар грамадскай арганізацыі вязняў раёна:

— Пасля вайны ў 1946 годзе мы, вучні Замошскай школы, падрыхтавалі для сваіх настаўніц і мам канцэрт з нагоды свята 8 Сакавіка, а дома я ў падарунак маме зрабіла ўборку і паднесла малюнак. Яна была вельмі задаволена.

Сама ж атрымала да свята свой першы падарунак, працуючы настаўніцай у школе. Былі гэта дзіцячыя малюнкі. Радавалася ім ад душы.

Цяпер жа найлепшы падарунак для мяне – віншаванні па тэлефоне, якія прымаю ў гэты дзень ад дзяцей, унукаў, праўнукаў. Мы рэдка збіраемся ўсе разам, але ў маім узросце вельмі важная ўвага і павага, памяць. А ўвогуле лічу, што Дзень жанчын – гэта вясна, прыгажосць і каханне. Жадаю, каб свята так асацыіравалася ва ўсіх жанчын.


IMG_8059 (Small)Ірэна Шакель, намеснік галоўнага бухгалтара аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:

— Мне вельмі пашчасціла ў жыцці, бо 8 сакавіка для мяне двайное свята. Менавіта ў гэты дзень 27 гадоў таму назад нарадзіўся мой сын Артур. А імя мы з мужам далі яму такое таму, што ў той год выйшаў на экраны фільм “Доўгая дарога ў дзюнах” і так звалі галоўнага героя. Сын працаваў у гімназіі, цяпер – у Наваполацку. Але і ён, і муж заўсёды мяне радуюць кветкамі, падарункамі, але самым дарагім з іх і цяпер з’яўляецца сынуля.