Важней за ўсё працаваць на выбраным табой месцы сумленна і адказна. Так лічыць тэхнік-асемянатар ААТ «Друйскі» Вольга Шпакоўская.
Вольга і не хавае таго, што да спецыяльнасці ў жывёлаводчай галіне яна прайшла праз шмат жыццёвых абставін. Сёння яна цалкам упэўнена ў народнай мудрасці, што не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Гэтага прынцыпу ў рабоце яна і прытрымліваецца, вынікамі сваёй працы ўздымаючы прэстыж такой прафесіі, як тэхнік-асемянатар.
Гэта цяпер, праблематычна — знайсці і накіраваць на вучобу тэхніка-асемянатара. У канцы ж 90-х, калі ў раёне выкаранялі кароў з захворваннем на лейкоз, у гаспадарках на кожнае рабочае месца было па 2-3 такія спецыялісты. Менавіта тыя кадры паспяхова ўпраўляліся з праблемай ўзнаўлення дойнага статка. Яшчэ ў першыя гады новага стагоддзя атрымаць ад 100 кароў менш за 80 галоў прыплоду лічылася катастрофай. Летась жа у гаспадарках раёна атрымалі па 63 галавы. Лічы, амаль палова дойнага статка заставалася ялавай. Адсюль і надоі.
Цяпер у сельгасарганізацыях працуюць 42 тэхнікі-асемянатары, і толькі 11 з іх займаюцца непасрэдна сваімі абавязкамі, астатнія працуюць па сумяшчальніцтве. 5 вакансій наогул не закрыты. А без такіх вось адказных і хворых за справу людзей, як Вольга Шпакоўская, нам доўга яшчэ адраджаць жывёлагадоўчую галіну.
Адзначу і такі аспект работы Вольгі. Па ўсіх існуючых нормах абслугоўвання яна перагружана не менш як у два разы. Пад яе наглядам аж 4 фермы, на якіх кожны дзень трэба быць не менш як 2 разы, пакрыць жывёлу, дапамагчы ветэрынарам у выяўленні і лячэнні гінекалагічных захворванняў. І робіць яна сваю справу непрыкметна, але вельмі эфектыўна. За мінулы год на 100 кароў атрымала па 92 галавы прыплоду, што аж на 27 галоў больш, чым у папярэднім годзе.
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.