Змяніла горад на сельскае жыццё

Люди

IMG_0834 (Small)На малочнатаварнай ферме “Мількі” КУСП “Браслаўскі” цяпер працуе восем даярак. Шэсць з іх — пастаянныя работніцы і дзве падменныя. Разам яны даглядаюць 236 галоў кароў.
За аператарам машыннага даення Аленай Максімовіч замацавана пяцьдзясят кароў. У сярэднім ад кожнай у гэтыя зімовыя дні жанчына доіць па 6,9 кг малака, у той час як па гаспадарцы гэты паказчык складае 6,5 кг, а па раёне на кілаграм ніжэй.
Апярэдзіла Алена сваіх калег і па выніках работы за мінулы год. Яна надаіла па 3703 кг малака ад кожнай каровы сваёй групы (па гаспадарцы – 3352 кг). Калі ж браць валавы паказчык, то ён складае 139,2 тоны, гэта на 3% больш за леташні ўзровень.
Працоўны дзень даяркі пачынаецца ў пяць гадзін раніцы і заканчваецца не раней за восем вечара. У адрозненне ад большасці гаспадарак нашага раёна ў КУСП “Браслаўскі” даенне трохразовае. Праўда, цяпер, калі яшчэ не пачаліся масавыя расцёлы, нагрузка на кожную даярку крыху ніжэйшая, але спраў на ферме ўсё роўна хапае.
Па прызнанні Алены і загадчыцы фермы Святланы Цадзілка, дарэчы, заўважце, што нават прозвішча Святланы па сваім сэнсе звязана з даеннем кароў, пасля запуску малакаправода праца жанчын значна аблегчылася. Аднак ім усё роўна не пазайздросціш. Не атрымліваецца хадзіць на працу з прычоскай, манікюрам і на абцасах. Тут свая спецыфіка, і пахнуць французскімі духамі нават пры самым вялікім доглядзе за сабой не будзеш.
Алена прызналася, што да таго часу, як прыехала на пастаяннае месцажыхарства ў Мількі на малую радзіму мужа, ведаць не ведала і думаць не думала, што давядзецца даіць кароў. Нарадзілася і вырасла яна ў горадзе. Праўда, лёс, на жаль, не песціў яе з маленства. Маці рана пакінула дваіх дзяцей, выхоўваў іх бацька. Пашчасціла хіба ў тым, што не зведала да сябе адносін мачыхі. Бацьку ж было нялёгка з дзецьмі, і як толькі Алена закончыла 8 класаў, прапанаваў ёй пайсці ў ПТВ, каб хутчэй атрымаць прафесію. Закончыла Даўгаўпілскае вучылішча хімікаў па спецыяльнасці перамотчык нітак. Праўда, працаваць доўга па абранай прафесіі так і не выпала, бо адбыўся развал СССР і сям’я Максімовічаў дзеля спакою і дабрабыту дзяцей прыняла рашэнне пераехаць у Беларусь.
Алена лёгка ўлілася ў калектыў і вось ужо 22 гады працуе на ферме. Першыя дні работы былі жахлівымі. Да кароў нават падысці баялася. Амаль месяц з ёй на ферму прыходзіў муж, які і выконваў усе абавязкі. А потым прызвычаілася і цяпер лічыцца адной з лепшых і паважаных работніц. Не парушае працоўную дысцыпліну, клапоціцца пра захаванасць маладняку, да сваіх службовых абавязкаў адносіцца з павышанай адказнасцю. Нездарма і заслужыла такое ганаровае званне называцца лепшай па прафесіі па выніках мінулага года.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.