Прайшла шчодрая Масленіца

Главное

100_7346 (Small)Масленічны кірмаш
Белкаапсаюз вырашыў парадаваць мінчан і гасцей сталіцы і зладзіў кірмаш пад назвай “Масленіца-2015”. Акрамя традыцыйных бліноў, тут была маса іншых пачастункаў і па-сапраўднаму святочных прапаноў: мясная прадукцыя, садавіна і гародніна, кандытарскія вырабы, саленні. Былі і нехарчовыя тавары. Агульная працягласць гандлёвых радоў перавысіла 300 м. Фірменную прадукцыю прадставілі гандлёвыя арганізацыі і прадпрыемствы спажывецкай кааперацыі з усіх абласцей.
Паўдзельнічала ў кірмашы і Браслаўскае раённае спажывецкае таварыства. Як паведаміла намеснік старшыні праўлення райпа Алена Германовіч, браслаўчане прапанавалі пакупнікам мясныя паўфабрыкаты, каўбасныя вырабы ўласнай вытворчасці, свежыя грыбы вешанкі, багаты асартымент мясцовых сыроў, прадукцыю грамадскага харчавання, саленні відзаўскага вытворчага цэха. Была наладжана і дэгустацыя. Асабліва даспадобы мінчанам і гасцям сталіцы прыйшліся гарачыя прысмакі — духмяная юшка па-браслаўску і каша з мясам з палявой кухні. А вялікая роставая лялька забаўляла дзяцей і дарослых. Кірмаш дадаў добрага настрою і пакупнікам, і прадаўцам.
У СШ №1 развіталіся з зімой
Вясёлая музыка гучала ў мінулую суботу на спартпляцоўцы каля першай школы. Гэта вучні і настаўнікі сабраліся, каб развітацца з зімой і сустрэць вясну.
Гучныя крычалкі, вясёлыя прыпеўкі, загадкі, конкурсы — усё спрыяла добраму настрою, тым больш што пераможцы атрымалі салодкія прызы. Не забыліся і пра традыцыйныя забавы, а найбольш моцныя паспрабавалі сябе ў перацягванні каната, дзе паказалі “сілу маладзецкую”. Дарэчы, раней лічылася, што гэта спрыяе росту льну.
Не абышлося свята і без спальвання саламянай лялькі Зімы, вакол якой удзельнікі вялі вясёлы карагод. А яркае полымя яшчэ раз нагадала, што пара сыходзіць халадам.
Арганізатары свята пастараліся, каб усе прысутныя пачаставаліся гарачай гарбатай ды блінамі. Круглыя, румяныя, яны сімвалізуюць доўгачаканае цяпло і нагадваюць сонца, нібы перадаюць частку яго моцы, набліжаюць вясну. Пашанцавала і жыхарам мікрараёна, якія праходзілі каля школы па сваіх справах: дзеці шчыра частавалі іх смачнымі блінамі.
Як бачна, народныя традыцыі ўносяць у сучаснае жыццё многа радасных момантаў.
Павінна ўсміхнуцца ўдача
А у нядзелю на гарадскім рынку браслаўчане і госці горада таксама адзначылі адно з любімых народных свят. Знайшлося шмат жадаючых развітацца з халадамі і сустрэць доўгачаканую вясну. Многія прыйшлі на свята цэлымі сем’ямі. Кожны знайшоў сабе занятак на свой густ: можна было паслухаць беларускія абрадавыя песні, паглядзець прадстаўленне, паўдзельнічаць у вясёлых конкурсах і, безумоўна, пачаставацца прысмакамі, якія прапаноўвалі ў гандлёвых палатках райпа, грамадскага харчавання, хлебазавода.
Але асноўныя падзеі разгортваліся на тэатралізаванай пляцоўцы. У гэтым годзе да яе афармлення прыклалі рукі майстры Браслаўскага аб’яднання музеяў, якія зрабілі ляльку, што сімвалізуе Зіму. У святочным прадстаўленні прымалі ўдзел народны тэатр гульні “Лёлі” РДК, фальклорная група “Вярба” Дрысвяцкага СДК, творчы калектыў Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра. Артысты парадавалі гледачоў гульнявой праграмай “Мядзвежыя пацехі”, якая заснавана на даўнейшых традыцыях Браслаўшчыны, калі на Масленіцу самага жвавага хлопца пераапраналі ў мядзведзя і вадзілі па кірмашах. Мядзведзь — цудоўная роставая лялька — забаўляў прысутных пацешнымі танцамі, удзельнічаў у гульнях і конкурсах, дзе кожны жадаючы мог паспрабаваць свае сілы і выйграць смачныя бліны. Усё гэта суправаджалася вясёлымі масленічнымі песнямі.
Нашы продкі лічылі, што калі не святкаваць Масленіцу, то цэлы год прыйдзецца пражыць бядуючы. Браслаўчанам, мяркуючы па іх настроі, павінна ўсміхнуцца ўдача.

Жанна Бялько.
Фота аўтара.