Дагадзіць кожнаму пакупніку

Главное

IMG_8182 (Small)Менавіта па такім прынцыпе працуюць загадчыца магазіна ў Быстрамаўцах Ірына Далецкая і прадавец гэтай гандлёвай кропкі Аліна Далецкая. Хоць яны паміж сабой і не радня, тым не менш з паўслова адна адну разумеюць і абедзве стараюцца працаваць шчыра і добрасумленна, каб кожны з вяскоўцаў, хто прыйшоў за пакупкамі, пакідаў магазін задаволеным.
Мне даўно не даводзілася быць у гэтай гандлёвай кропцы, але цяперашні яе выгляд прыемна ўразіў. Новыя вокны і ўваходныя дзверы, абноўлены фасад пабудовы, ўнутры чыста і ўтульна, сучаснае гандлёвае абсталяванне. На паліцах акуратна і з веданнем справы расстаўлены тавары як прадуктовай, так і прамысловай групы. Вядома ж, асартымент іх не такі шырокі, як у магазінах райцэнтра. Але тут можна купіць усё, што патрэбна кожны дзень да стала, пры ўборцы дома, мыцці бялізны, сродкі асабістай гігіены і г.д. А вось калі нечага патрэбнага з бытавой тэхнікі, прадметаў побыту, адзення ці абутку няма, на іх можна зрабіць заказ. І яго абавязкова выканаюць пры першай магчымасці. Такой паслугай карыстаюцца многія з пакупнікоў.
Каб павялічыць тавараабарот, быстрамаўскія работнікі гандлю па прыкладзе іншых сваіх калег пачалі практыкаваць выязны гандаль. У вызначаны дзень і па азначаным маршруце, які пралягае па сельскіх населеных пунктах Плюскага сельсавета, у падарожжа “адпраўляецца” аўтамабіль з таварамі паўсядзённага попыту. Для райпа гэта дадатковая выручка, а для пакупніка – зручнасць.
Сярод абавязкаў загадчыцы і прадаўца не толькі насычанасць гандлёвай кропкі таварамі. Ёсць у іх і шмат іншых службовых абавязкаў. Неабходна пільна сачыць за тэрмінам годнасці прадуктаў харчавання, чысцінёй у памяшканні, таварным суседствам.
Яшчэ важна, што ў жанчын атрымліваецца таксама добра, дык гэта ўменне прапанаваць пакупніку тавар, ветліва яго абслужыць, пацікавіцца справамі, здароўем.
Ірына Далецкая нарадзілася і вырасла ў Быстрамаўцах, таму добра ведае мясцовых жыхароў, за гады сваёй працы вывучыла іх асноўныя патрэбы. Кожнаму яна скажа “дзякуй” і “прыходзьце да нас часцей” — і без розніцы разлічваецца на касе падлетак ці паважанага ўзросту чалавек. За гэта і паважаюць на вёсцы прадаўцоў.
А кіраўніцтва райпа пры падвядзенні вынікаў работы за мінулы год вырашыла адзначыць гэты сельскі магазін як лепшы. Тавараабарот у супастаўных цэнах за 2014 год склаў па гэтай гандлёвай кропцы 100,6%, ці 2 млрд 279 млн рублёў. У мясцовых жыхароў закуплена 1,2 т мяса, 4,4 т бульбы. Для сельскага магазіна гэта добрыя паказчыкі.

Тэкст і фота Зінаіды Палулех.