Пытанні аховы працы заўжды маюць важнае значэнне ў дзейнасці любой сферы нашага жыцця. Актуальнымі яны з’яўляюцца і ў адукацыі, дзе асаблівая ўвага надаецца пажарнай і электрабяспецы, правілам паводзін пры правядзенні вучэбна-выхаваўчага працэсу. Гэта работа штодзённая, штомінутная. Не выключэннем па стварэнні камфортных умоў на рабочых месцах стаў у СШ № 1 і мінулы год.
Як адзначыла Таццяна Літвінка, адказная за арганізацыю аховы працы, у школе вядзецца неабходная дакументацыя, рэгулярна праводзіцца праверка ведаў і атэстацыя работнікаў, праходзяць дні аховы працы, інструктажы, арганізаваны адміністрацыйна-грамадскі кантроль за станам аховы працы, праводзяцца неабходныя арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы.
Ва ўстанове адукацыі створаны грунтоўны кабінет па ахове працы, які, акрамя тэматычных стэндаў і літаратуры, аснашчаны вучэбнымі прыладамі для практычных заняткаў. Ён пастаянна папаўняецца і абнаўляецца згодна з патрабаваннямі сучаснасці.
Так, у мінулым годзе адміністрацыя школы набыла самавыратавальнік фільтруючы — сродак індывідуальнай аховы органаў дыхання і зроку чалавека.
А дзякуючы рэалізацыі сумеснага праекта з Белдзяржстрахам, паведаміла Т. Літвінка, кабінет папоўніўся трэнажорам-манекенам “Аляксандр — 1.02”, які прызначаны для адпрацоўкі навыкаў правядзення сардэчна-лёгачнай рэанімацыі і аказання першай дапамогі, а таксама для вымярэння артэрыяльнага ціску. Да таго ж ён голасам паведамляе правільнасць дзеянняў практыканта. З дапамогай гэтага трэнажора настаўнікі школы, а на ўроках АБЖ вучні старэйшых класаў адточваюць практычныя навыкі аказання першай дамедыцынскай дапамогі.
Трэба сказаць, што такім трэнажорам можа пахваліцца далёка не кожная арганізацыя ці прадпрыемства раёна. А рэч сапраўды вельмі патрэбная, бо часта практычнае веданне правіла “залатой гадзіны” можа выратаваць жыццё пацярпеламу.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.