Цэнтр культуры, спадчыны і традыцый

Люди

IMG_6479 (Small)Праца бібліятэкара — асаблівая. Яна патрабуе на толькі любові да сваёй прафесіі, але і глыбокіх ведаў, якія пастаянна трэба пашыраць і ўдасканальваць. Таму выпадковыя людзі ў храме Мудрасці не затрымліваюцца. Толькі самыя верныя ахоўнікі скабніцы чалавечай прысвячаюць сябе служэнню яе Вялікасці Кнізе. Сярод іх і Ірына Лясюк, якая больш за 20 гадоў працуе ў Іказненскай бібліятэцы.
— Чытаць люблю з дзяцінства, — кажа Ірына Аляксандраўна. — Яшчэ школьніцай за дзень па некалькі разоў бегала ў бібліятэку, каб узяць чарговую кнігу.
Менавіта любоў да чытання і вызначыла прафесійны шлях дзяўчыны. З задавальненнем яна ступіла на яго адразу пасля заканчэння Іказненскай школы, ды так і крочыць упэўнена па гэтай дарозе па сённяшні дзень. Завочна закончыла спачатку Магілёўскі культурны тэхнікум, потым Мінскі ўніверсітэт культуры. А, галоўнае, што Ірына Аляксандраўна за гэты ўжо даволі значны адрэзак не згубіла таго юнацкага запалу і ўвесь час шукае новая формы работы. Таму і прызналі Іказненскую бібліятэку лепшай сярод сельскіх устаноў культуры за мінулы год.
Так склалася, што бібліятэчнай справай займаюцца жанчыны, а, як вядома, дзе жанчына, там прыгажосць, утульнасць, атмасфера цеплыні і ўзнёсласці. Вось і невялікае памяшканне бібліятэкі, дзе ўладарыць любоў да кнігі, з мастацкім густам упрыгожана цудоўнымі вырабамі з бісеру і квілінгу. Нягледзячы на тое, што сюды амаль ніколі не заглядвае сонца, у пакоі шмат прыгожых кветак. І ўсё дзякуючы руплівасці і працавітасці як самой Ірыны Аляксандраўны, так і яе надзейнаму памочніку і дарадцы Вівеі Максімовіч.
Дзякуючы дзяржаўнай праграме адраджэння сяла, бібліятэка набыла сучасны выгляд, новую мэблю і аргтэхніку.
Але ж асноўная праца бібліятэкара, нягледзячы на імклівае развіццё перадавых камп’ютарных тэхналогій, зацікавіць да чытання. А ў Іказненскай бібліятэцы ёсць што пачытаць. Яе кніжны фонд, які пастаянна папаўняецца новай літаратурай, налічвае больш за 6900 экземпляраў кніг і перыядычных выданняў.
Несумненна, каб людзі ішлі ў бібліятэку і не пасялілася нуда і пустэча ў іх душах, сучасны бібліятэкар яшчэ павінен быць завадатарам і няспынным рухавіком.
Вось і І. Лясюк клапоціцца, каб навідавоку размясціць навінкі літаратуры, з густам і змястоўна аформіць тэматычныя выставы, зрабіць для вучняў даступнымі стэлажы з кнігамі. Бібліятэкар працуе з чытачамі і для іх.
Не забывае і пра наведвальнікаў сталага ўзросту. Вядома, можна скласці рукі і рухацца па няспешнай плыні жыцця. А ёсць альтэрнатыва — завітаць у бібліятэку, дзе працяглы час існуе аматарскае аб’яднанне “Натхненне” — своеасаблівая прадушына для мясцовых жанчын. З вялікім задавальненнем яны збіраюцца разам, каб абмеркаваць прачытаныя кнігі і прагледжаныя фільмы, пазнаёміцца з цікавымі народнымі абрадамі і звычаямі, рыхтуюць разнастайныя прэзентацыі. Да таго ж гэта добрая магчымасць проста пагутарыць пра свае справы за кубачкам гарбаты. Не забываюць удзельніцы клуба мясцовых ветэранаў і адзінокіх састарэлых — абавязкова завітаюць да іх у госці і павіншуюць са святамі.
Не сакрэт, што большасць нашых дзяцей любіць бавіць свой вольны час за камп’ютарам, таму ў бібліятэкараў важная місія не толькі пазнаёміць дзяцей з кнігай, але і дапамагчы маленькім чытачам сфарміраваць добры мастацкі густ. У Іказненскай бібліятэцы склалася пэўная сістэма ў гэтым накірунку: праводзяцца разнастайныя літаратурныя гадзіны, віктарыны, тэматычныя тыдні, цікавыя разнастайныя экскурсіі і пазнавальныя падарожжы. Многія мерапрыемствы праходзяць у рамках школы гісторыка-краязнаўчых ведаў “Спадчына”. Так, зацікаўленасцю, добрай кніжкай і смехам Ірына Аляксандраўна далучае дзяцей да цудоўнага і цікаўнага свету.
На працягу апошніх гадоў Іказненская бібліятэка неаднаразова станавілася пераможцам раённых конкурсаў па бібліятэчнай справе сярод устаноў сістэмы, узнагароджана дыпломам за першае месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры.”
Дзякуючы творчаму падыходу і актыўнай грамадзянскай пазіцыі І. Лясюк, сельская бібліятэка стала сапраўдным цэнтрам па прапагандзе нацыянальнай спадчыны, культуры і літаратуры нашай краіны.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.