Войнаў без палонных і тых, хто прапаў без звестак, не бывае. І гэтая ісціна пацвярджаецца шматвяковай гісторыяй. Былі яны і падчас баявых дзеянняў у Афганістане. Таму ў 1983 годзе была створана група асобнага аддзела КДБ СССР па 40-й арміі. Сярод задач, якія стаялі перад яе супрацоўнікамі, былі таксама пошук і вызваленне савецкіх ваеннаслужачых, што знаходзіліся ў бандфарміраваннях на тэрыторыі Афганістана, вызначэнне месцазнаходжання тых, хто прапаў без звестак.
Давялося ў гэтым аддзяленні на спякотных афганскіх абшарах служыць і маёру КДБ Паўлу Сакалову.
Безумоўна, каб трапіць на службу ў органы дзяржаўнай бяспекі, трэба валодаць асаблівымі здольнасцямі, рысамі характару, мець унутраны стрыжань, быць палітычна граматным і стойкім. Менавіта гэтымі якасцямі і валодаў салдат тэрміновай службы П. Сакалоў.
На гарызонце ўжо маячыў “дэмбель”, калі ў вайсковай часці, якая знаходзілася ў пас. Доўгарукава Калінінградскай вобласці, аб’явілі набор у Вышэйшую школу КДБ СССР імя Ф. Э. Дзяржынскага.
Звычайны вясковы хлопец з Шаркаўшчынскага раёна, за плячыма якога быў незакончаны Даўгаўпілскі чыгуначны тэхнікум (бо прызвалі ў армію), разумеў, што гэта выдатны шанс атрымаць вышэйшую адукацыю і пры гэтым не быць цяжарам для бацькоў.
Пасля шматступеньчатага адбору Павел стаў студэнтам прэстыжнай установы, дзе чатыры гады вывучаў, адточваў і ўдасканальваў разнастайныя дысцыпліны.
Потым была служба ў Літве, пяць гадоў ў Германіі, зноў у Літве. Жыццё ваеннага афіцэра ў большасці сваёй сапраўды непрадказальнае і качэўнае. Вось і ў снежні 1985 гада П. Сакалова накіравалі ў Афганістан. У літоўскім гарнізоне засталіся жонка і двое дзяцей, якія з нецярпеннем чакалі кожнай весткі з чужой, далёкай і непрыветлівай краіны.
Па розных прычынах салдаты траплялі ў палон да “духаў”. Большасць, безумоўна, у бездапаможным стане, параненыя, калі заканчваліся боепрыпасы. На жаль, адзначыў П. Сакалоў, былі выпадкі недысцыплінаванасці нашых ваеннаслужачых, а таксама недастатковага кантролю з боку афіцэраў у адносінах да падначаленых. Так, абставіны розныя, але наступствы трагічныя.
Што даводзілася пераносіць “няверным” у афганскім палоне, нават, жудасна ўявіць. Іх утрымлівалі ў нечалавечых умовах, катавалі, калолі наркотыкамі, насільна застаўлялі вывучаць Каран і мясцовую мову. Тым не менш большасць з палонных, нягледзячы на бязлітасныя здзекі і неймаверны боль, заставаліся мужнымі, нязломнымі, вернымі сваім традыцыям.
П. Сакалоў камандаваў падраздзяленнем асобага аддзела, з пяці чалавек. Супрацоўнікі яго скрупулёзна збіралі і апрацоўвалі інфармацыю, тонка вербавалі агентаў. Усё чуць, прыкмячаць, запамінаць кожную дробязь, пры гэтым адсейваць непатрэбныя звесткі, аналізаваць і, галоўнае, не памыліцца, не “пракалоцца” — вельмі напружаная работа, якая патрабуе не толькі разумовых, але і фізічныя сіл.
— Іншы раз, — расказвае Павел Сцяпанавіч, — пры дапамозе запісак, якія перадавалі праз правераную агентуру, удавалася звязацца з палоннымі ваеннаслужачымі. А наогул, кожная аперацыя па вызваленні была па-свойму арыгінальнай, складанай і займала часам некалькі месяцаў.
Для вываду з бандаў нашых суайчыннікаў выкарыстоўваўся ў асноўным абмен на душманскіх аўтарытэтаў ці іх сваякоў. За аднаго нашага яны, як правіла, патрабавалі пяць — шэсць сваіх палонных. Безумоўна, супрацоўнікі асобага аддзела згаджаліся на гэтыя ўмовы.
— Даводзілася, — кажа Павел Сцяпанавіч, — пры вызваленні нашых хлопцаў плаціць і выкуп, часам немалы.
І маёр асобага падраздзялення прыгадаў выпадак, як доўгі час насіў з сабой амаль 30 тыс. долараў, што было вельмі небяспечна, бо і сярод сваіх, на жаль, сустракаліся таксама розныя людзі.
Былі і такія палонныя, успамінае маёр, якія не вытрымлівалі здзекаў, ламаліся і станавіліся нявольнымі саўдзельнікамі бандытаў, а нехта добраахвотна пераходзіў на бок душманаў, каб потым перабрацца ў Еўропу. Але ці маем мы маральнае права каго-небудзь асуджаць, бо ў кожнага свой парог болю і цярпення.
Шмат ваеннаслужачых было вызвалена з афганскага палону, — кажа П. Сакалоў, — І калі бачылі змучаныя, але шчаслівыя твары вызваленых, разумелі, што наша доўгая, часам і вельмі небяспечная работа прайшла не дарма.
Алена Пятушка.
Фота аўтара.