Спецыялісты дабрыні падвялі вынікі

Главное

IMG_6046 (Small)Дапамагаць тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі, — непасрэдны абавязак Браслаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які сапраўды з’яўляецца для такіх людзей трывалым выратавальным кругам. Накірункі дзейнасці гэтай установы можна вызначыць шляхам аналізу праблем насельніцтва розных катэгорый. На чым і была засяроджана ўвага супрацоўнікаў цэнтра падчас выніковага пасяджэння, якое адбылося на мінулым тыдні ў гімназіі.
У яго рабоце прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Людміла Цяцера, старшыня райсавета ветэранаў Іван Цялежнікаў, в.а. старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Генадзь Швец, сацыяльныя работнікі раёна і іх падапечныя.
У сваёй справаздачы за мінулы год дырэктар ТЦСАН Вольга Вялічка паведаміла, што за гэты перыяд па дапамогу ў сацыяльную ўстанову звярнуліся 9 137 чалавек, што на 87 больш, чым за 2013 год.
Паслугамі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома ахоплена 150 населеных пунктаў раёна, карыстаюцца імі каля 600 жыхароў непрацаздольнага ўзросту. Абслугоўваюць іх 111 сацработнікаў, якія з’яўляюцца надзейнымі і добрымі памочнікамі састарэлых людзей.
Вялікую ўвагу супрацоўнікі цэнтра надаюць далейшаму распаўсюджванню інавацыйных форм сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Так, у раёне налічваецца дзевяць патранатных, адна гасцявая і сем прыёмных сямей, дзейнічаюць пяць “дамоў зімовак” і шэсць сумеснага пражывання грамадзян састарэлага ўзросту. Пры аддзяленні кругласутачнага знаходжання ў Барунах для часовага прытулку грамадзян, якія пацярпелі ад псіхалагічнага насілля ў сям’і адкрыты “крызісны пакой”, і гэтай паслугай скарысталіся тры чалавекі. На гэтым супрацоўнікі цэнтра не спыніліся, і з мінулага года ўстанова мае магчымасць прапанаваць яшчэ некалькі новых відаў сацыяльных паслуг: суправаджэнне асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў; асістэнта для інваліда 1 групы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця; памочніка для суправаджэння інваліда 1 групы з абмежаванымі магчымасцямі руху.
Як адзначыла В. Вялічка, аддзяленне тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання аказвае разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі — дапамагае ў распілоўцы, шчапанні і складзіраванні дроў, рамонце надворных пабудоў, апрацоўцы прысядзібных участкаў, мыцці бялізны. За справаздачны перыяд выканана 1 754 такіх паслуг па сацыяльна нізкіх цэнах на суму 51 млн. руб.
Цікавае і насычанае жыццё ў наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Для іх дзейнічаюць дзевяць гурткоў па дэкаратыўна-прыкладной творчасці, чатыры клубы па захапленнях, функцыянуюць працоўныя майстэрні для інвалідаў і міні-паліграфічная, а таксама кам’ютарны клас, створана валанцёрская група.
Па-хатняму ўтульныя ўмовы для сваіх пастаяльцаў імкнуцца стварыць работнікі аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Барунах, дзе сёння іх 37.
Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы і пашырэння спектра аказваемых паслуг тэрытарыяльны цэнтр актыўна ўдзельнічае ў рэалізацыі міжнародных гуманітарных праектаў сацыяльнай накіраванасці. Так, міні-праект “У нагу з часам” дазволіў сталым людзям і з абмежаванымі магчымасцямі атрымаць навыкі работы на камп’ютары і ў сетцы інтэрнэт, удзельнічаць у распрацоўцы мультымедыйных праектаў. За кошт бюджэту праекта Еўрасаюза дзейнічае інфармацыйны цэнтр для сталых людзей і інвалідаў з вэб-сайтам. У выніку дзейнасці апякунскага савета, створанага ў цэнтры, у мінулым годзе прыцягнуты спонсарскія сродкі на суму 20,1 млн. руб.
Акрэсліла В. Вялічка і планы на будучыню, якія, несумненна, накіраваны на далейшае развіццё сацыяльных паслуг і паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічных сродкаў.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка адзначыла, што наша дзяржава надае вялікае значэнне падтрымцы і дабрабыту малазабяспечанай катэгорыі насельніцтва, закранула пытанні дэмаграфіі ў нашай краіне і ўручыла ўзнагароды лепшым працаўнікам раённай сферы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
А нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні членаў валанцёрскай групы “Данка” з гімназіі дадалі прысутным радасны настрой.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.