Калі хтосьці валодае выдатнымі музычнымі здольнасцямі і іграе на некалькіх інструментах, яго называюць “чалавек-аркестр”. А вось як назваць таго, хто сваімі рукамі стварае цудоўныя вырабы з розных матэрыялаў, у розных тэхніках? Майстар — залатыя рукі? Творца?
Жанну Міхновіч з агр. Далёкія вяскоўцы ласкава клічуць майстрыхай-чараўніцай. І гэта азначэнне як нельга лепш апісвае жанчыну, дае ўяўленне пра яе дзейнасць. Шмат гадоў Жанна Валянцінаўна займаецца рознымі відамі творчасці: шые, вышывае, займаецца бісера- і саломапляценнем, робіць арыгамі, упрыгажэнні са скуры, асвоіла бяросту. І гэта толькі невялікі пералік таго, што ўмее майстрыха-самавучка. Кожны выраб жанчыны непаўторны, ён як бы захоўвае часцінку яе душы, цяпло рук.
Як толькі трапляеш у хату да Жанны Валянцінаўны, разбягаюцца вочы. І ў гэтым няма ніякага перабольшання. Вышываныя карціны, упрыгажэнні са скуры, іншыя рэчы настолькі захапляюць, што напачатку нават слоў не падбярэш, каб выказаць свае ўражанні.
Заўсёды цікава сустракацца з творчымі людзьмі, але размаўляць з Жаннай Валянцінаўнай было асабліва прыемна. Майстрыха валодае цудоўнымі якасцямі — талентам, творчай фантазіяй і жаданнем ствараць прыгожыя і незвычайныя рэчы. А яшчэ яна прыемная субяседніца — пра свае захапленні ўмее расказаць так цікава, што заслухаешся.
Родам Ж. Міхновіч з в. Дубраўка, вучылася спачатку ў сталічным ПТВ лёгкай прамысловасці, а пасля яго заканчэння ў Віцебскім тэхналагічным тэхнікуме па спецыяльнасці мадэльер-канструктар. Калі вярнулася на радзіму, разам з мужам пераехала ў в. Далёкія. Доўгі час працавала ў мясцовым КБА, дзіцячым садку, потым у СДК, у бібліятэцы, апошнія гады загадвала аддзяленнем паштовай сувязі ў в. Богіна. Зараз жа жанчына на заслужаным адпачынку і ўвесь свой вольны час аддае сям’і, (разам з мужам яны выхавалі трох дзяцей), а таксама любімай справе — рукадзеллю.
Займацца ім Жанна Валянцінаўна пачала яшчэ падчас вучобы ў тэхнікуме. У многім сказаўся выбар творчай спецыяльнасці мадэльера-канструктара. Але, магчыма, гэта і дар, які перайшоў па спадчыне, бо ў родзе Ж. Міхновіч былі ткачыхі, а яе матуля — цудоўная майстрыха, якая прыгожа вышывае, прадзе, вяжа, робіць рышэлье. Нават нягледзячы на свой паважаны ўзрост, і зараз займаецца рукадзеллем.
Пачыналася ўсё з вязання кручком, а калі зразумела, што рукадзелле — любімая справа, якой хоць бы гадзінку ў дзень трэба ўдзяліць, занялася сур’ёзна. Так непрыкметна і ўцягнулася ў “народную” творчасць.
Першыя работы былі ў спецыяльнай тэхніцы мярэжцы. Аднак на гэтым майстрыха не спынілася. Хутка асвоіла бяросту і стала рабіць прыгожыя рэчы з яе. Увогуле Жанна Валянцінаўна чым толькі не захаплялася — вышыўкай, бісера- і саломапляценнем, арыгамі, шыццём мяккіх цацак. І ўсё гэта яна сама вывучала па кнігах, якіх па розных відах тэхнікі цэлая калекцыя, некаторыя ідэі брала з інтэрнэта. Вось такая майстрыха-самавучка.
— Гэта на першы погляд здаецца, што справа цяжкая, — усміхаецца майстрыха. — У рукадзеллі галоўнае, каб падабалася твая справа, было натхненне, душа да яе ляжала. І тады ўсё атрымаецца абавязкова. Пры наяўнасці ўсіх патрэбных дэталей новая рэч можа з’явіцца за дзень. А ёсць такія вырабы, на якія спатрэбіліся месяцы працы. Мае любімыя работы — вышываныя карціны “Георгій Перамоганосец” і “Ісус, які моліцца”.
Падчас работы ў мясцовым Доме культуры Жанне Міхновіч адзінай з раёна прапанавалі наведаць курсы па мастацкай апрацоўцы скуры. Гэты від рукадзелля майстрыху літаральна захапіў. Фантазія жанчыны ператварала скуру, бісер і іншыя матэрыялы ў розныя упрыгажэнні: бранзалеты, кулоны, калье. Спачатку думала, што робіць іх на падарункі родным і знаёмым, аднак на адной з выстаў вырабамі Жанны Валянцінаўны зацікавіліся госці Браслаўшчыны і тут жа пажадалі купіць. Тады майстрыха пакінула іншыя захапленні і сур’ёзна занялася скуранымі вырабамі. Як член клуба “Ля возера”, які дзейнічае пры Браслаўскім доме рамёстваў, стала выстаўляць свае работы на розных раённых выстаўках-ярмарках.
Зараз цудоўныя скураныя вырабы, зробленыя яе рукамі, вядомы не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. Кожны з твораў майстрыхі вылучаецца арыгінальнасцю творчай задумы, высокім майстэрствам выканання, густам, уражвае сваёй непаўторнасцю. Як прызнаецца жанчына, займаецца яна гэтым з-за таго, што людзям падабаюцца яе рэчы. А ў нашым раёне больш няма майстроў, якія б умелі працаваць са скурай.
Аднак доўга займацца адным відам рукадзелля творчай асобе надакучвае. Тады Жанна Валянцінаўна пачынае асвойваць новую тэхніку. Нядаўна зноў вярнулася да вышыўкі і стварыла некалькі цудоўных ікон у гэтай тэхніцы, якія падарыла далячанскаму касцёлу. Увогуле яна вельмі любіць дарыць свае работы, бо ў іх укладае часцінку душы.
А яшчэ Жанна Валянцінаўна — сапраўдная памочніца мясцовага СДК. У мінулым годзе дапамагала шыць касцюмы для народнага калектыву “Далячанскія валацугі”, калі трэба афармляе сцэну. Здаецца, няма таго, чаго не ўмее гэты творчы і апантаны справай чалавек, а ў яе руках просты матэрыял, нават непатрэбная маленькая рэч чароўным вобразам ператвараюцца ў прыгожы выраб.
Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.