У Заходняй Еўропе і ЗША вешанкі называюць вустрычнымі грыбамі. У паўднёва-усходняй Азіі яны лічацца элітным далікатэсам.
Гісторыя вырошчвання гэтых грыбоў пачынаецца з часоў Першай сусветнай вайны. Напачатку іх разводзілі на ствалах апалых дрэў, пнях і гнілушках.
Вешанкі не толькі смачныя, але і карысныя. Па сваім складзе яны падобныя да мяса, бо ўтрымліваюць бялкі, вітаміны груп В, С, Е і дастаткова рэдкі вітамін Д2, які дапамагае ўсвойваць фосфар і кальцый.
Вешанкі, як сцвярджаюць вучоныя, дапамагаюць зніжаць узровень халестэрыну, нармалізоўваць ціск і нават выводзіць радыенукліды.
Да таго ж гэтыя грыбы валодаюць дастаткова нізкай каларыйнасцю – 38 ккал на 100 г і лічацца дыябетычным прадуктам.
Невялікія выдаткі на грыбную вытворчасць і запатрабаванасць гэтага прадукту ацаніў і цяперашні кіраўнік райпа Яўген Перманіцкі. Ён вырашыў адвесці яшчэ тры камеры для вырошчвання вешанак. І сёння з’явілася магчымасць вырошчваць экалагічна чыстыя грыбы па 4 — 4,5 тоны ў месяц., якія паступаюць у спецыяльных расфасоўках па 0,5 кг па цане каля 50 тысяч рублёў.
Попыт на браслаўскія вешанкі ёсць у спажыўцоў Мінска , Віцебска, многіх іншых гарадоў нашай вобласці. Магчыма, хутка з’явяцца яны і за мяжой нашай краіны.
Амаль дзесяць гадоў займаецца вырошчваннем вешанак Валянціна Стацэвіч. Жанчына, па яе ўласным прызнанні, ніколі нават і не думала, што ёй давядзецца займацца такой справай.
Ад моманту высеву спораў і да працэсу паспявання праходзіць ад 25 да 30 дзён. Шляпкі грыбоў, якія паступаюць у продаж, не павінны перавышаць у дыяметры больш за 12 сантыметраў. І Валянціна Стацэвіч за гэтым пільна сочыць.
Калі толькі пачыналі ў браслаўскім нарыхтпраме новую справу, вырошчвалі вешанкі ў мяшках, напоўненых драўлянай стружкай. А сёння закупляюцца для гэтага спецыяльныя блокі. Каб яшчэ больш зацікавіць пакупніка, да кожнай партыі грыбоў прыкладаецца рэцэпт па прыгатаванні з іх страў.
Зінаіда Палулех.
Фота Тамары Пашкевіч.