Адным з першых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, якія ў першыя дні работы наведаў кіраўнік раёна Уладзімір Дранеўскі, было акцыянернае таварыства «Мяжаны». Там у адрас кіраўніка, спецыялістаў таварыства прагучала нямала крытычных заўваг па арганізацыі вытворчых працэсаў ва ўсіх галінах вытворчасці, але перш за ўсё ў жывёлагадоўчай.
Мінуў тыдзень пасля той размовы. І я пацікавіўся ў дырэктара прадпрыемства Вольгі Балочка пра захады, якія прымае кіраўнік для наладжвання работы на фермах. Сустрэліся мы ля МТФ «Усяны».
А шаснаццатай гадзіне дня мінулай пятніцы, калі прыехаў у назначанае месца, ля фермы завіхаліся будаўнікі, у памяшканні працаваў перасоўны генератар электразваркі, а Вольга Антонаўна ўпікала аднаго з цесляроў за няроўна навешаныя дзверы. А пакуль кіраўнік размаўляла з будаўнікамі, прайшоў па абодвух памяшканнях, у адным з якіх з восені ўтрымліваецца дойны стат, а другі запоўнены часткова. Да мяне далучылася і старшыня Мяжанскага сельсавета Жанна Акула, якая таксама прыехала пацікавіцца ходам абнаўлення фермы.
Разам адзначылі, што каровам хапала корму, стойлавыя пляцоўкі вычышчаны ад гною, жывёла не схуднелая. У кароўніку цешылі вока новыя майстраваныя пераходныя масткі праз латкі гноевыдаляльнікаў.
А вось што расказала сама Вольга Балочка:
— Крытыку ў свой адрас па арганізацыі вытворчых працэсаў на фермах прызнаю канструктыўнай і неперадузятай. А паколькі больш за ўсё прэтэнзій было выказана па ўсянскай ферме, то менавіта тут узяліся за навядзенне парадку, рамонт. У нашай гаспадарцы да гэтага часу захавалася будаўнічая брыгада, таму ўвесь працэс ідзе лягчэй. Кожны дзень на аб’екце працуе па 10 – 12 чалавек. Мяняем дзверы, рамантуем латкі транспарцёраў. Хачу асобна падзякаваць за дапамогу нашых шэфаў — працаўнікоў Браслаўрайгаза і яго кіраўніка Яраслава Сапеля за тую неацэнную дапамогу, якую аказваюць нам. Усе зварачныя работы ў пустуючым памяшканні завершаны з іх дапамогай, і хутка тут размесцім першацёлак. Вельмі хочацца арганізаваць у адноўленым памяшканні групу раздою. Шукаю для яе абслугоўвання добрасумленную даярку.
Кажуць, што за прыгожым фасадам і працуецца лепш. Пэўна, гэта так. Але трэба думаць і пра наладжванне больш камфартабельных умоў для ўсяго тэхналагічнага працэсу вытворчасці. Разлічваем, што з дапамогай Браслаўскага філіяла ААТ «Глыбоцкі МКК» урэшце запусцім у работу малакаправод на МТФ «Карасіна». Гэта не толькі аблегчыць працу даярак, а і дазволіць атрымліваць якаснае малако. Спецыялісты прадпрыемства правялі абследаванне ўстаноўкі, вызначылі патрэбу ў запчастках, і як толькі набудуць ўсё неабходнае, абяцаюць запусціць у работу».
Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.